Таптышка-паштальён (навагодняя казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Таптышка-паштальён (навагодняя казка)
Таптышка-паштальён (навагодняя казка)
Жыў-быў у лесе вельмі добры і вясёлы мядзведзь Таптышка. Гэтага бурага мядзведзя з ласкавымі вачыма палюбілі ўсе звяраняты за тое, што ён умеў расказваць ім цікавыя казкі. Ведаў іх мядзведзь вялікае мноства. Аднойчы ўлетку звераняты сядзелі на палянцы, а Таптышка расказваў ім казку пра зіму і Новы год. Вось тады яны і пажаліліся мядзведзю на тое, што ім заўсёды вельмі хочацца папрасіць у Дзядулі Мароза для сябе запаветныя падарункі. Як гэта зрабіць, як дабрацца да Дзядулі, яны не ведаюць, бо жыве Мароз вельмі далёка – аж на Крайняй Поўначы!      – Так, – Таптышка пачасаў свой касматы лоб. – Ён жыве далёка. Але, калі не чакаць да зімы і паспрабаваць паехаць да яго на веласіпедзе цяпер, улетку, то да восені можна даехаць да Крайняй Поўначы і папрасіць у Дзядулі Мароза ўсё тое, што вы жадаеце.
     – Ура! – радасна закрычалі звераняты і тут жа пачалі пісаць Дзядулю Марозу пісьмы.
     Справа ў тым, што мішка ўмеў ездзіць на веласіпедзе і часам нават адпраўляўся ў вандраванні па свеце. Вось і цяпер ён сабраў цэлы рукзак пісьмаў Дзядулю Марозу і адправіўся ў далёкую дарогу.
     Доўга ехаў Таптышка. Пераязджаў праз палі, лясы і ўзгоркі, перасякаў па мастах рэкі і ўсім, хто сустракаўся на яго шляху, тлумачыў:
     – Я еду да Дзядулі Мароза і вязу яму пісьмы маленькіх зверанятаў са свайго роднага лесу.
     Усе разумелі Таптышку, і хто, як мог, дапамагаў яму: хто пакорміць мядком, хто дасць папіць ключавой вадзіцы, а хто скажа добрае слова і пакажа дарогу.
     Нарэшце, даехаў мішка да Крайняй Поўначы. А там снег ляжыць, на веласіпедзе не праедзеш. Убачылі Таптышку паўночныя алені і кажуць:
     – Мы дапаможам табе, аднясём рукзак з пісьмамі да Дзядулі Мароза. А ты едзь назад і ні пра што не турбуйся.
     Панеслі алені пісьмы маленькіх зверанят да Дзядулі, а Таптышка адправіўся дахаты ў свой родны лес.
     
     Прыйшла зіма. І ўсё атрымалася так, як хацелі звераняты. Дзядуля Мароз прыехаў да іх і прывёз доўгачаканыя падарункі, тыя, што яны ў яго папрасілі. Усе малышы радаваліся, весела скакалі вакол навагодняй Ёлкі і ад шчырае душы дзякавалі Дзядулю Марозу і Таптышку за каштоўныя падарункі і за навагодняе шчасце, якое яны ім падарылі.
     
     Гэтая казка на рускай мове
13.01.14
Каталог TUT.BY Rambler's Top100