Казка - Сіўка-Бурка - - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Казка - Сіўка-Бурка -
Казка - Сіўка-Бурка -
Аднойчы Ганнулька ўбачыла ў краме вельмі добрага коніка.      – Мама! – радасна ўсклікнула яна. – Глядзі, які прыгажун!
     Перад дзяўчынкай стаяў маленькі конік з серабрыстай грывай і хвосцікам, якраз як той, якога яна бачыла на малюнку ў кніжцы. На галаве ў коніка быў прывязаны залаты званок, на спінцы чырванела аксамітавае сядло, а капыткі былі падкаваны срэбнымі падкоўкамі.
     "Ах, як бы я хацела, каб у мяне быў такі цудоўны конік", – падумала Ганнулька.
     – Мама, ці купіла бы ты мне яго, калі б ён быў сапраўдным? Я б паскакала на ім далёка-далёка, туды, дзе жывуць чараўнікі.
     – Вядома, купіла бы, – адказала мама.
     – Шкада, што ён цацачны, – засмуцілася Ганна.
     Дзяўчынка дакранулася да Сіўкі-Буркі, пагладзіла яго мяккую грыўку, зазірнула ў разумныя карыя вочкі і ўжо хацела адысці, але тут конік ціха прамовіў, гледзячы ёй прама ў вочы:
     – Не праўда! Я сапраўдны і магу пакатаць цябе!
     Вось якое дзіўнае здарэнне адбылося з Ганнулькай у краме цацак. Пэўна, такая гісторыя не магла проста скончыцца. Адразу ж пасля гэтага цудоўны конік пасяліўся ў кватэры, дзе жыла дзяўчынка. Ён катаў яе па пакоях і нават выбягаў ў калідор, аднак на вуліцу ісці яшчэ не адважваўся.
     Неяк Ганнулька сабралася з мамай на прагулку ў парк і вырашыла ўзяць Сіўку-Бурку з сабой. У парку, усеўшыся ў сядло, дзяўчынка паскакала следам за маленькім поні, на якім сядзеў незнаёмы хлопчык. Хлопчык азірнуўся і весела прамовіў:
     – Ты таксама скачаш?
     – Так!
     – Табе падабаецца?
     – Вельмі!
     – І мне падабаецца!
     "Які добры хлопчык, – падумала Ганнулька. – Я хачу з ім сябраваць".
     Яны аб'ехалі цэлы круг, і поні спыніўся. Хлопчык злез з яго і падышоў да дзяўчынкі. Потым уважліва агледзеў яе коніка і сказаў:
     – Ён жа ў цябе сапраўдны!
     – Я ведаю, – усміхнулася дзяўчынка. – Мой Сіўка-Бурка лепшы за ўсіх. Калі хочаш пакатацца, сядай ззаду.
     Хлопчык паглядзеў на серабрыстага коніка і таксама ўсміхнуўся. А Сіўка-Бурка ветліва схіліў галоўку так, што зазвінеў залаты званок, стукнуў аб зямлю срэбным капытком і ласкава прапанаваў:
     – Сядай, не бойся!
     Хлопчык сеў побач з Ганнулькай, і яны паскакалі разам, весела і радасна смеючыся, у тую далёкую казачную краіну, дзе спяваюць райскія птушачкі, звіняць чароўныя званочкі, і дзе вельмі часта адбываюцца самыя неверагодныя гісторыі.
     
     Малюнак мастачкі Эльгі Паповай
     
     Гэтая казка на рускай мове
31.12.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100