Як Мятла бабы Ёжкі лясным звяркам дапамагла - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Як Мятла бабы Ёжкі лясным звяркам дапамагла
Як Мятла бабы Ёжкі лясным звяркам дапамагла
Надышла вясна. Усе звяркі ў лесе пачалі парадак у хатках наводзіць, бо як-ніяк смецця за зіму вунь колькі назапасілася!      Зайка ўсё ў сваёй хатцы прыбрала: ложачкі зайчанят чыстымі пакрывальцамі заслала, са стала пыл сцёрла анучкай, толькі вось падлогу падмесці не змагла. Яе стары венік зусім знасіўся. Што рабіць?
     Пайшла Зайка да суседкі, бабы Ёжкі, пастукалася ў дзверы хаткі на курыных ножках і просіць:
     – Пазыч, калі ласка, бабуля Ёжка, мне Мятлу на час!
     – Вось яшчэ! – закрактала старая. – Не дам я табе сваю Мятлу! Не будзе мая Мятла аб тваю падлогу пэцкацца!
     Так і пайшла Зайка ні з чым. А следам за Зайкам Вожык да бабы Ежкі наведаўся. І просіць усё пра тое ж:
     – Дай мне, калі ласка, бабуля, сваю Мятлу на гадзінку, каб парадак у хаце навесці.
     – Не дам і ўсё тут! – заўпарцілася баба Ёжка і спаць пайшла ў сваю хатку.
     А Мятла стаіць ля парога і думае:
     – Пакуль гаспадыня спіць, пайду ж я, дапамагу звяркам. Падмесці падлогу для мяне намнога прасцей, чым яе, бабусю, на сабе цягаць. Ану, хто потым падзяку выкажа. Ад гаспадыні ж хвалы не дачакаешся.
     Паляцела Мятла па лесе звяркам ва ўборцы дапамагаць. Ва ўсіх хатках, дзе папрасілі, падлогі падмяла, ды і дарожкі ў двары не заленавалася пачысціць. Дзякуюць звяркі Мятле:
     – Ай да разумніца, ай да працаўніца, ай да малайчына!
     І толькі Мятла дахаты ляцець памкнулася, як баба Ёжка следам бяжыць і крычыць на ўвесь лес:
     – Эх ты, дурніца неразумная! Куды ты ўцякла з хаты! Вось я цябе пакараю за твае выхадкі! Будзеш пад замком у каморы стаяць, пакуль цябе мышы не з'ядуць!
     Пачуў гэтыя словы Лясун і кажа бабе Ёжке:
     – Шкодніца ты! Як можна вінаваціць Мятлу за тое, што яна добрую справу зрабіла? Гэта не Мятла дурніца, а ты. Колькі гадоў на свеце жывеш, а розуму не набралася.
     Сорамна стала бабе Ёжке пасля такіх слоў самаго Лесуна. Села яна на Мятлу і да сваёй хаткі хутчэй паляцела. Кажуць, цэлы тыдзень у лес не паказвалася, усё думу думала. І, нарэшце, вырашыла папрасіць прабачэння ў сваёй Мятлы, таму што яна вельмі дарагая ёй, бо памочніца незаменная.
     З той пары баба Ёжка нават стала як быццам бы дабрэй і ветлівей. Са звяркамі ў лесе кожны дзень вітаецца, ды і ў дапамозе нікому не адмаўляе.
     
     Агучванне казкі – Лікі Пташук
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
14.12.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100