Хто вылечыў кацяня Цімку? - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Хто вылечыў кацяня Цімку?
Хто вылечыў кацяня Цімку?
Усю вясну кацяня праседзела на акне. Цімка рэдка выходзіў гуляць на вуліцу, таму што сёлета вясна была чамусьці халодная і дажджлівая. Малы з нецярпеннем чакаў цёплага лета. "Вось тады я ўжо нагуляюся", − думаў ён.      Не толькі кацяня Цімка, усе чакалі лета. І вось, нарэшце, лета прыйшло. Спачатку нясмела, а потым усё адважней і адважней яно ішло па зямлі і прынесла з сабой сапраўднае цяпло. Цяпер на небе цэлымі днямі ззяла яркае і цёплае, а часам проста гарачае сонейка.
     Як жа ўсе радаваліся гэтаму цяплу! З раніцы да ночы, вельмі доўга, у двары ўсё шумела, лётала, спявала, кулялася і скакала.
     Весяліліся і цешыліся літаральна ўсе. Жучкі і мурашкі поўзалі па цёплай рыхлай зямлі. Матылькі і мошкі, стракозы і мушкі пырхалі і кружыліся ў паветры. Птушачкі маленькія і вялікія разносілі па паветры ва ўсе бакі вясёлы перазвон сваіх галасоў. Конікі не лёталі, але затое скакалі высока-высока ўгару. Жабы квакалі ў траве, краты выкопвалі ў зямлі доўгія хады і высоўвалі свае мордачкі наверх. Нават рыбкі ныралі і выскоквалі з рэчкі. Усім было вельмі добра і радасна. Што можа быць цудоўней самых доўгіх і цёплых летніх дзянькоў!
     Толькі аднаму кацяняці Цімку не шанцавала. Як толькі прыйшло лета, у яго, як на тое ліха, разбалеліся зубкі. А малому так хацелася гуляць і весяліцца разам з усімі! Ён выйшаў з хаты, ціхенька прайшоў па двары і панура ўсеўся каля Яблынькі. Не, у яго не магло быць вясёлага настрою. Гэтаму перашкаджалі хворыя зубкі. Яны балелі, і роціку кацяняці было не да весялосці. Цімка нават не мог усміхнуцца.
     Але ніхто не звяртаў на беднае кацяня ўвагі. Усе былі захоплены летам. Толькі Яблынька адчула, як дрэнна цяпер Цімку, і даведалася пра яго бяду. Яна паслала малога да жоўтага Дзьмухаўца, каб той добра разгледзеў, што так разбалелася ў роціку кацяняці. Дзьмухавец, як сапраўдны зубны лекар, уважліва абследаваў Цімкін роцік і заўважыў хворы зуб.
     – Ану, Меліса, палячы яму зуб! Ты ведаеш, як гэта робіцца! – загадаў ён сваёй памочніцы.
     І Меліса, якая расла побач з Дзьмухаўцом, неадкладна, як сапраўдная медсястра, ўзялася выконваць яго загад. Яна заварыла кацяняці ўсе самыя лепшыя лячэбныя траўкі. А калі Цімка прапаласкаў імі свой роцік, у малога адразу ж прайшоў боль.
     Зараз ужо і кацяня можа нароўні з усімі з раніцы да ночы цешыцца цудамі лета! Цімка усміхаецца. Усмешка ў яго проста выдатная, таму што ўсе зубкі ў роціку кацяняці бліскучыя прыгожыя і зусім не баляць!
     
     Гэтая казка на рускай мове
05.05.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100