Дзве Кацi - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дзве Кацi
Дзве Кацi
У малодшай групе дзiцячага садка на паліцы для цацак сядзела лялька. Звалі яе Кацяй. Калісьці Каця была сапраўднай прыгажуняй у чырвонай аксамітавай сукеначцы з доўгай русай касой і ружовым банцікам, у чырвоных лакавых туфліках і ружовай шапачцы з перламутравымі бліскаўкамі. У яе былі блакiтныя вочкі з доўгімі вейкамі, маленькі носік і цудоўны ружовы роцiк. Яна ўмела плакаць, калі яе калыхалі, і ў яе была запасная адзежа. Дзяўчынкі малодшай групы заўсёды гулялі з лялькай Кацяй. Яна была іх любiмiцай.      Час ішоў. Дзяўчынкі падраслі і перайшлі ў старэйшую групу, а лялька Каця засталася. Потым з ёй яшчэ гулялі другiя дзяўчынкі, якія прыходзілі ў малодшую групу. Паступова сукеначка Каці абтрапалася, туфлікі стапталіся, ды і касічка яе расплялася. Дзеці ўжо не так, як раней, хацелі гуляць з лялькай. Цяпер яна часамі сумавала на паліцы ў адзіноце. А дзяўчынкі гулялі з новымі прыгожымі лялькамі.
     Крыўдна было Каці, што з ёй ужо не хочуць гуляць, і яна часам нават плакала. Але ніхто з дзяцей гэтага не заўважаў. Выхавальніца бачыла, што з лялькай ніхто не гуляе, і таму паставiла яе ў самы далёкі кут на паліцы. Так і стаяла лялька Каця, забытая ўсімі. Яна ўжо змірылася са сваім лёсам і нікому з цацак не зайздросціла. Няхай і з іншымі лялькамі пагуляюць дзеці, з ёй жа гулялі ў свой час. Так вырашыла старэнькая лялька.
     І вось аднойчы ў малодшую групу ў першы раз прывялі маленькую дзяўчынку з вельмі добрымі вачамі. Звалі яе таксама Кацяй. Яна паглядзела на ўсе цацкі і выбрала для сябе ўсімі забытую ляльку Кацю. Чаму яна гэта зрабіла? Напэўна, яе добрае сэрцайка адчула, што гэтай ляльцы вельмі кепска, вельмі самотна, і дзяўчынка пашкадавала яе. Яна занесла ляльку дадому i паказала бабулі.
     Дома бабуля дапамагла ўнучцы прывесці ляльку ў парадак. Яны заплялі ёй касічку, памылі і пагладзілі старую сукеначку і нават сшылі новую блакiтную з рушамі. А ўдзячная лялька Каця радасна ўсміхалася. Яе тварык павесялеў, вочкі засвяціліся, яна стала як жывая! Усе дзяўчынкі ў садзе не пазнавалі ляльку, настолькі яна папрыгажэла.
     Дзякуй жа табе, дзяўчынка Каця, за тваю дабрыню!
     
     Агучванне казкі – Лікі Пташук
     
     Гэтая казка на рускай мове
11.04.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100