І качаняты любяць танцаваць! - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
І качаняты любяць танцаваць!
І качаняты любяць танцаваць!
На левым беразе ракі Глыбокая жылі два маленькіх браціка, качаняты. Звалі іх Банцік і Фанцік. Яны былі падобныя адзін на аднаго, быццам дзве кроплі вады. Качаняты ўсюды хадзілі разам, але ніколі не сварыліся, таму што заўсёды саступалі адзін аднаму. Любімым заняткам для Банціка і Фанціка былі танцы. Качаняты так добра навучыліся танцаваць, што неўзабаве сталі лепшымі танцорамі левага берага ракі.      Аднойчы па радыё абвясцілі, што на правым беразе адбудзецца танцавальны конкурс, для ўдзелу ў якім запрашаюцца ўсе жадаючыя. Даведаўшыся пра гэта, заўсёды вясёлыя і жыццярадасныя качаняты сталі вельмі сумнымі. Вы спытаеце, што ж з імі здарылася?
     Справа ў тым, што двайняты не ўмелі плаваць. У раннім дзяцінстве мама хацела іх гэтаму навучыць і павяла да ракі. Нечакана з вады вынырнуў велізарны шчупак і спалохаў качанят. З тых часоў Банцік і Фанцік ні за што не жадалі лезці ў ваду і вучыцца плаваць!
     Неяк сядзелі качаняты на левым беразе, глядзелі на правы бераг і гаравалі, што ніяк ім не дабрацца да яго. Прыгледзіліся і бачуць – аднекуль па вадзе скача Конік, светлы такі, зроблены з саломкі, вельмі лёгкі і прыгожы! Саламяная грыва і хвосцік Коніка на сонейку блішчаць, а тонкія капыткі па вадзе стукаюць, ды так, што пырскі ва ўсе бакі ляцяць фантанчыкамі! Перабег Конік з правага берага на левы, нават хвосціка не замачыў і саламяную лодачку за сабой прыцягнуў.
     – Хто цябе такога лёгкага зрабіў? Ты ж ў вадзе не тонеш, хоць і не плывеш! – запыталіся Банцік і Фанцік ў саламянага Коніка.
     – Дзядуля Апанас, – адказаў ім Конік. – Вы б бачылі, колькі ён змайстраваў саламяных дзяўчын і юнакоў, каткоў і сабачак, курачак і пеўнікаў, свінак і кароў! Усе яны жывуць у вёсачцы Хахатушкі. Там сёння адбудзецца наш танцавальны конкурс. Дзядуля даведаўся, што вы, качаняты, вельмі добра танчыце. Ён даслаў вам вось гэтую саламяную лодачку дзеля таго, каб вы змаглі пераплысці ў ёй праз раку і паўдзельнічаць у нашым конкурсе. Калі ласка, сядайце ў лодачку! Не бойцеся, яна не ўтопіцца. Я вас мігам перапраўлю на другі бераг. Там вельмі хутка пачнецца наша свята!
     Узрадаваліся Фанцік і Банцік, апрануліся ў свае лепшыя танцавальныя касцюмы, селі ў лодачку, і саламяны Конік пацягнуў яе па вадзе на другі бераг ракі.
     Выйшлі качаняты з лодачкі на бераг, глядзяць – танцавальны конкурс ужо пачаўся. На сцэне пяюць і танцуюць саламяныя дзяўчыны і юнакі, ды такія прыгожыя, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць! А дзядуля Апанас у журы сядзіць, вусы пакручвае ды ўсміхаецца.
     Але ж і качаняты аказаліся не з баязлівага дзесятка. Вытанцоўвалі, ды так, што нават сцэна пад імі ходырам хадзіла! Усе гледачы ў зале доўга ім апладзіравалі. І хоць Фанцік і Банцік не заваявалі галоўнага прыза, затое атрымалі прыз разглядацкіх сімпатый, таму што іх выступленне было самым вясёлым і смешным.
     Дзядулю Апанасу таксама спадабаліся качаняты. Да наступнага конкурсу ён паабяцаў змайстраваць Фанціку і Банціку раскошныя саламяныя капелюшы і кіі. Качаняты вырашылі, што навучацца танцаваць сапраўдную чачотку і паспрабуюць выступіць яшчэ лепш.
     
     Казку агучыла артыстка Ліка Пташук
     
     Гэтая казка на рускай мове
31.03.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100