Як лясныя звяркі хлеб спяклі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Як лясныя звяркі хлеб спяклі
Як лясныя звяркі хлеб спяклі
Неяк улетку Варона сцягнула ў кагосьці ў вёсцы цэлы акрайчык хлеба. Прынесла яго ў дзюбе, паклала да сябе ў гняздо і выхваляецца ўсім:      − Вось бачыце, якая я разумніца. Раздабыла вельмі смачны акрайчык хлеба. Сама з’ем, а вам не дам!
     Глядзелі на яе звяркі лясныя: вавёрачкі ды вожыкі, зайчыкі ды мышаняты і слінкі глыталі. Як жа ім хацелася паспрабаваць свежанькага хлеба! Але што ўзяць з такой скнары! Не падзялілася яна ні з кім ніводнай крошкай. Сама ўсё з'ела, каркнула і паляцела кудысьці.
     Зажурыліся звяркі лясныя. Глядзяць адзін на аднаго і думы думаюць. Тут Мышаня і кажа:
     − А давайце самі хлеб спячом!
     − Як жа мы яго спячом? − зазвінела Сінічка. − У нас ні мукі, ні печкі няма.
     − За печкай справа не пастаіць, − адгукнуўся з сажалкі Бабёр. Я і хату зрублю, і печ складу.
     − Калі так, дык добра, − пачасаў патыліцу Вожык. – Вось толькі хто нам дасць збожжа, каб яго змалоць у муку?
     − Пшаніцу мы вырасцім самі на лузе. Пасеем вясною зярняткі ў зямлю, з іх вырастуць пшанічныя каласкі, − падказала Вавёрачка.
     − А хто нам дасць зярняткі пшаніцы, каб іх пасеяць на лузе? − не сунімаўся Вожык.
     − Зярняткі? Ды мы іх самі назбіраем увосень на дарогах і ў полі! − затрашчалі, зазвінелі птушкі на розныя галасы.
     − А калі каласкі паспеюць, мы іх высушым, абмалоцім і засыплем у мяшкі, − прапішчалі Мышкі.
     − Я ж зацягну мяшкі ў хату. Паклічу Гномаў, што жывуць за сажалкай. Яны ведаюць толк у хлебапякарным рамястве, − сказаў Заяц.
     − Ура! − закрычалі ўсе разам ад таго, што зразумелі − яны і самі з вусамі. І тут жа ўзяліся за работу.
     Прайшла восень, затым зіма, вясна, і ўжо другое лета на адпачынак збіраецца. А як жа справы ў лясных звяркоў?
     А яны не далі маху. Усё, як казалі, так і зрабілі. Вырасцілі пшанічныя каласкі, абмалацілі іх і ў хату занеслі. Паклікалі Гномаў з суседняга лесу. А тыя майстры-пекары ўмелыя. Засыпалі зярняткі ў жорны і змалолі іх у муку. Потым перасыпалі муку ў дзяжу (такая драўляная бочка) і з вадой ды дражджамі замясілі цеста. Мясілі доўга, пакуль не вымесілі так добра, каб яно ад рук адліпала. Потым падзялілі цеста на аладкі. І на драўлянай лапаце ў напаленую печ паклалі на гарачыя вуглі. Пакуль хлеб пёкся ў печы, усе звяркі сядзелі на лаўках за столікамі і чакалі. А пах ішоў ад хлеба такі смачны, аж слінка цячэ! Але Гномы не спяшаліся вымаць хлеб з печы, пакуль той не зарумяніўся і не вырас.
     І вось ужо не па акрайчыку, а па цэлай булачцы смачнага пшанічнага хлеба дасталася кожнаму звярку! Усе елі свой хлеб і прыгаворвалі:
     − Ай, да малайчына, Варона! Гэта яна нас навяла на думку − спячы хлеб. І няхай прылятае, мы не прагныя, дадзім і ёй булачку нашага хлеба!
     
     Агучванне казкі – Лікі Пташук
     
     Гэтая казка на рускай мове
28.03.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100