Дапытлівыя качаняты - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дапытлівыя качаняты
Дапытлівыя качаняты
     
     ЛЯСНОЕ ВОЗЕРА І РЭЧКА
     У густым лесе згубілася блакітнае возера. Да яго цябе прывядзе лясная сцяжынка. Вада ў возеры чыстая и празрыстая. У ім, як у люстэрку, адлюстроўваюцца дрэвы і кусты. А яшчэ далей, у зарасніках трыснягу, журчыць лясная рэчачка. Гусі і качкі, грацыёзныя белыя лебедзі любяць прылятаць сюды ранняй вясной і жыць да восені.
     
Ля самага берага ціхага возера, у чароце, качыная сям'я чакала з'яўлення на свет малянят. Ужо шмат дзён і начэй мама-качка асцярожна прыкрывала шэсць яек мяккімі крыламі і сагравала цяплом свайго цела. Але качаняты ніяк не жадалі нараджацца. Хвалявалася качка, хваляваўся яе муж, качар.      − Не хвалюйцеся! − сказала старая Сава, якая жыла ў дупле непадалёку ад берага. − Заўтра на досвітку ў вас народзяцца качаняты. Калі ўзыдзе сонца, усе пеўчыя птушкі пазбіраюцца тут, на беразе, і заспяваюць ранішнія песні. Я папрасіла іх аб гэтым. Качаняты пачуюць прыгожыя галасы птушак, і ім вельмі захочацца ўбачыць, хто ж гэта так добра спявае. І тады яны праб'юць шкарлупіну яек сваімі дзюбкамі і выйдуць на белы свет.
     І праўда. Як толькі сонца асвяціла першымі прамянямі дрэвы і ваду, да качынага гнязда з усіх бакоў пачалі злятацца птушкі. Іх галасы загучалі звонка, весела, усё гучней і гучней. Птушкі як быццам казалі птушанятам, якія яшчэ не нарадзіліся: "Качаняты! Выходзьце з яечнай шкарлупіны! Тут так цёпла, так хораша, сонейка свеціць! Паглядзіце на ўсё гэта сваімі вочкамі!"
     Адбыўся цуд! Шкарлупіна на качыных яйках пачала трэскацца. І на белы свет з'явіліся спачатку чорненькія дзюбкі, потым галоўкі. Нрэшце, усе шасцёра маленькіх качанят глядзелі на маму, тату і ўвесь навакольны свет маленечкімі, як пацерачкі, здзіўленымі вочкамі, быццам кажучы: "Што ж гэта мы так заседзеліся ў яечнай шкарлупіне? Тут так цудоўна!"
     Як жа ўсе ўзрадаваліся з'яўленню на Божы свет маленькіх пухнатых дапытлівых качанят! Птушкі весела лёталі вакол гнязда і спявалі малянятам прыгожыя песні. Возера паплёсквала сінімі ў залатую палосачку хвалямі. Дрэвы шамацелі зялёнымі лісточкамі, а чароціны важна і пахвальна ківалі з боку ў бок сваімі галоўкамі. Але больш за ўсіх, вядома ж, радаваліся бацькі качанят: мама-качка і тата-качар.
     Качаняты не маглі адарваць вочкі ад наваколля. Яны разглядвалі неба, птушак, дрэвы, возера і бясконца распытвалі маму і тату пра тое, што яшчэ не маглі зразумець. А калі дзеткі трохі падраслі і навучыліся плаваць, мама адразу ж павяла іх на экскурсію па возеры. Шасцёра качанят выстраіліся ў радок і паплылі за качкай. Яны ва ўсім слухаліся яе. А мама вучыла сваіх дзетак самастойнасці, паказвала, як лавіць дробных рыбінак і вадзяных чарвячкоў, вучыла не адставаць у дарозе адзін ад аднаго, каб не згубіцца.
     Старая мудрая Сава часта назірала за качанятамі, седзячы на тоўстым суку ліпы каля свайго дупла. І заўважала, як з кожным днём яны станавіліся ўсё больш сталымі, самастойнымі і разумнымі. А мама-качка і тата-качар нават не сумняваліся ў гэтым, таму што вельмі любілі сваіх дарагіх дзетак.
     
     Гэтая казка на рускай мове
28.03.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100