Чароўныя праменьчыкі мамінага Шчасця - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Чароўныя праменьчыкі мамінага Шчасця
Чароўныя праменьчыкі мамінага Шчасця
Жылі-былі маленькі Зайчык і яго мама-Зайчыха. Мама вельмі любіла свайго сыночка, гаварыла яму ласкавыя словы, і яе вочы заўсёды свяціліся ад Шчасця. Зайчык глядзеў у вясёлыя маміны вочы і таксама радаваўся ўсяму таму, што цешыла маму.      Часам Зайчыха казала:
     − Сыночак! Паглядзі, якое чыстае блакітнае неба! А наша Сонейка яркае і прыгожае. Яно дорыць нам праменьчыкі Шчасця!
     Але аднойчы Сонейка захварэла. Яно перастала дарыць праменьчыкі Шчасця Зайчыку і яго маме. Неба адразу стала шэрым і маркотным, а ў маміных вачах з'явіліся маленькія слязінкі. Паглядзеў Зайчык на маму, і яму стала так кепска, так журботна!
     "Трэба як-небудзь яе развесяліць", − вырашыў Зайчык і пайшоў шукаць тое, што дапаможа яго маме зноў стаць шчаслівай.
     Зыходзіў ён сто сцяжынак, але нідзе не знайшоў Шчасця для мамы. Стомлены, прысеў Зайчык пад Бярозку адпачыць.
     Паглядзела Бярозка на яго і адчула штосьці нядобрае:
     − Што здарылася? − спыталася яна ў маляняці. − Чаму ты такі журботны?
     − Як жа мне не журыцца, − адказаў Зайчык. − Мая мама плача. Яна страціла сваё Шчасце.
     − Не сумуй, Зайчык! − падбадзёрыла Бярозка малога. − Вунь ляціць Птушка. Я ведаю, яна − чараўніца і абавязкова дасць табе Шчасце для мамы.
     Паглядзеў Зайчык у неба. Бачыць, і сапраўды − ляціць цудоўная белакрылая Птушка-Лебедзь, а на шыі ў яе каралі з яркіх кветак.
     Падляцела чараўніца да Зайчыка і кажа:
     − Вазьмі ў мяне адну кветку і падары яе сваёй маме. Гэтая кветка прынясе ёй Шчасце!
     Узяў Зайчык самую прыгожую кветачку, падзякаваў Птушцы-Лебедзь і пабег да сваёй мамы. Мама Зайчыха абрадавалася чароўнай кветцы і паставіла яе ў вазу з вадой. Але прайшоў толькі адзін дзень, і кветка панікла, бо ёй таксама, як і ўсім раслінам, патрэбна сонечнае святло.
     Убачыла белая Птушка-Лебедзь, што яе кветка звяла, і ўсё зразумела. Каб зрабіць шчаслівымі Зайчыка і яго маму, трэба спачатку вылечыць Сонейка!
     Паднялася белакрылая Птушка высока-высока ў неба, падляцела да хворага Сонейка і падарыла яму сваю чароўнаю кветку. Паглядзела Сонейка на цудоўную кветку, усміхнулася і павесялела. А як толькі Сонейка стала радасным, неба прасвятлела, таму што па ім пабеглі праменьчыкі Шчасця ад самога Сонейка! Асвятлілі яны ўсю Зямлю і прынеслі Радасць і Шчасце ў кожную хату!
     Зірнула мама-Зайчыха ў акенца, убачыла, якім яркім і прыгожым стаў лес, як расцвілі кветкі на лузе, і радасна прамовіла:
     − Якое шчасце, што да нас вярнулася Сонейка! − і зноў у яе вачах зайгралі праменьчыкі Шчасця.
     З таго часу Зайчык часта зазірае ў радасныя маміны вочы і цешыцца разам з ёй. А калі мама шчаслівая, то і дзеці яе будуць шчаслівымі абавязкова!
     
     Примечание: озвучивание сказки Лики Пташук.
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
19.03.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100