Месяцовы Зайчык - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Месяцовы Зайчык
Месяцовы Зайчык
У адной утульнай гарадской кватэры жыла маленькая дзяўчынка, Насценька. Яна хадзіла ў дзіцячы садок. Як і ўсім маленькім выхавальнікам дзіцячых садкоў, дзяўчынцы даводзілася рана ўставаць. Раніцай мама не магла разбудзіць дачушку, а ўвечар Насценька капрызнічала і не хацела своечасова класціся спаць. Мама чытала ёй перад сном казкі, але ўсё роўна дзяўчынка доўга не магла заснуць. Яе вочкі не жадалі заплюшчвацца. Часам, стомленая мама ўжо засынала побач з дачушкай, а той усё не спалося.      Неяк ляжыць Насценька ў ложачку і бачыць, як месяцовы Праменьчык скокнуў на акно, затым на ложак і ціхенька прашаптаў ёй на вушка:
     − Люлі-ляй! Люлі-ляй! Спі, Насцюха, засынай! І няхай табе сняцца цудоўныя сны!
     Праменьчык вельмі далікатна дакрануўся да галоўкі дзяўчынкі, потым прабег па яе валосіках і растаў! Насценька ляжала, быццам зачараваная. Ёй стала так прыемна і цёпла, што яна адразу ж заснула.
     Назаўтра, прачнуўшыся, дзяўчынка ўспомніла, што ўчора ўначы да яе прылятаў месяцовы Праменьчык, і пра ўсё расказала маме. Тая ўсміхнулася:
     − Дачушка! Месяцовы Праменьчык дапамог табе заснуць. Значыць, ён любіць цябе і жадае, каб у цябе ўсё было добра.
     Вось так нечакана ў Насці з'явіўся цудоўны сябар. З таго часу кожны раз, калі на небе свяціў Месяц, Праменьчык скакаў на падаконнік, потым залазіў на коўдру і ціхенька шаптаў дзяўчынцы свае чароўныя словы. Часам, ён засынаў побач з ёй, і тады Насценька бачыла прыгожыя, светлыя і вельмі добрыя сны.
     Аднойчы малой прысніўся сон, што ў яе кватэры пасяліўся сапраўдны лясны, пухнаты белы Зайчык! Насця хацела злавіць яго, бегала за ім, бегала, ды так і не злавіла. Зайчык узбіраўся нават на сцены і столь, чаму дзяўчынка вельмі здзівілася. А калі яна прачнулася і распавяла свой сон маме, тая засмяялася:
     − Дачушка! У тваім сне месяцовы Праменьчык ператварыўся ў белага Зайчыка і гуляў з табой!
     "Ах, вось ён які гарэза!" − падумала Насценька.
     Увечар, як толькі Праменьчык скокнуў да яе на коўдру, дзяўчынка ласкава пагладзіла яго і сказала:
     − Дабранач, мой Месяцовы Зайчык!
     
     p.s. казку чытае Ліка Пташук
     
     Гэтая казка на рускай мове
11.03.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100