Нашы добрыя памочнікі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Нашы добрыя памочнікі
Нашы добрыя памочнікі
На дварэ стаяла ранняя вясна. Сонечныя прамяні былі яшчэ не настолькі моцныя, каб растапіць увесь снег да канца, высушыць і адагрэць мокрую зямлю. Ды і парой наляталі моцныя па-зімоваму халодныя вятры. Яны прабіваліся скрозь шчыліны паміж дошкамі старэнькага вясковага куратніка, у якім нядаўна з'явіліся на свет пяцёра маленькіх жаўтаротых куранят. Мама-Курыца і тата-Певень разумелі, што іх крошкам патрэбна як мага больш цяпла, каб не змерзнуць і не застудзіцца. Але што ж рабіць з велізарнымі шчылінамі ў сценах куратніка? Праз іх з двара пранікае халоднае паветра!      − Шчыліны трэба затыкнуць саломай! − вырашыла мама-Курыца і ўзялася за работу.
     Аднак саломка не трымалася ў шчылінах, моцны вецер выдзімаў яе.
     − Я ведаю, што рабіць! − прапішчала шэрая Мышка, якая жыла тут жа, у куратніку. − Я бачыла, што ў павеці ўжо даўно маркоцяцца без справы Малаток, Піла і Цвікі. Можа яны дапамогуць нам?
     Пачуў гэта Певень і пабег у павець. Убачыў ён там Пілу, Малаток з Цвікамі і пачаў прасіць іх:
     − У нас нарадзіліся маленькія кураняты. Яны яшчэ такія слабенькія і ад холаду замярзаюць! Дапамажыце, даражэнькія суседзі, паправіць куратнік!
     Пілу, Малаток і Цвікі не трэба было доўга ўгаворваць. Яны адразу ж пагадзіліся дапамагчы малянятам. Піла хутка напілавала дошак, а Малаток з Цвікамі прыбілі іх да шчылін куратніка. У хатцы Пеўня і Курыцы стала намнога цяплей. Узрадаваны Певень узляцеў на плот і пракукарэкаў на ўсю вёску вялікую падзяку сваім добрым памочнікам!
     Звонкі пеўневы голас паляцеў па вясковай вуліцы, і яго пачуў стары Сабака, які жыў у будцы, насупраць. Ён ужо даўно прамакаў у ёй ад дажджу, бо дах у будцы працякаў. І да яго прыйшлі на дапамогу Піла, Малаток і Цвікі. З радасцю, што могуць яшчэ камусьці дапамагчы, яны хутка адрамантавалі старому Сабаку яго будку.
     Ні раз, ні два, а яшчэ шмат разоў сябры-інструменты дапамагалі ўсім, хто меў патрэбу ў дапамозе. Яны рамантавалі дахі, сцены і нават спрабавалі будаваць новыя хаты. Вельмі патрэбнымі памочнікамі аказаліся працавітыя сябры-інструменты!
     Вось толькі Падсцілка, на якой ляжаў Сабака, і Міска, з якой ён еў, вельмі пакрыўдзіліся на свайго гаспадара за тое, што той у сваіх пахвалах Малатку з Пілой і Цвікамі зусім забыўся пра іх. Яны ж яму таксама ўвесь час дапамагалі, як маглі: Падсцілка сагравала, а Міска падавала ежу.
     
     Вядома, што ў нашым жыцці вельмі шмат цудоўных памочнікаў. Яны побач з намі і дапамагаюць нам у справах.
     Гэта
     аловак і ручка,
     сшытак і кніжка,
     нават маленькая камп’ютэрная мышка,
     кружка, талерка, відэлец і лыжка,
     зубная шчотка, мачалка, расчоска,
     шалік і шапка, туфлі, паліто,
     веласіпед і яшчэ шмат чаго…
     Так, усіх нашых памочнікаў не пералічыць! Яны такія неабходныя і патрэбныя, што часам мы іх чамусьці ўжо і не заўважаем. Датуль, пакуль яны побач з намі. Але калі іх няма, ці мы іх страцілі? Тады бяда!
     Беражыце і шануйце іх, нашых добрых памочнікаў!
     
     Гэтая казка на рускай мове
8.03.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100