Сонейка Святланы - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Сонейка Святланы
Сонейка Святланы
Дзяўчынка Святлана ішла з мамай па вячэрнім горадзе. Далёка наперадзе віднеліся вышынныя будынкi. Света глядзела скрозь цемру на гэтыя дамы і бачыла сотні маленькіх яркіх акенцаў, у якiх гарэла святло. Вокны міргалі, то загараючыся, то згасаючы, нібы зорачкі на небе. Святлана ведала, што ў небе жывуць мільёны зорак і планет. Тыя, якія называюць зоркамі, гараць і выпраменьваюць вельмi многа святла. Мы, людзі, жывём на планеце Зямля, якую сагравае Сонейка.      Вы, дзеці, вядома, ведаеце, якая цудоўная наша родная планета. Дзе яшчэ, на якой іншай планеце, можна ўбачыць такую прыгажосць! Сонца − старэйшая сястра нашай Зямлі. З усіх сваіх сясцёр і братоў, планет сонечнай сістэмы, Сонца больш за ўсіх любiць Зямлю. Як жа можна не любiць гэты вясёлы блакітна-зялёны шарык, які ні секунды не стаiць на месцы, а ўсё круціцца ды круціцца, падстаўляючы Сонейку то адзін, то другi свой кругленькі бачок! Зямля паварочваецца, і ўслед за гэтым усё жыццё на ёй змяняецца. Для кагосьці настае раніца, затым − дзень, для кагосьці − вечар, а затым − ноч.
     − Давай пакладзем гэтых няўрымслівых дзетак спаць, − кажа Зямля Сонейку і адварочвае ад яго свой бачок.
     − А вось гэтых дзетак трэба ўжо будзіць. Ім пара прачынацца і збірацца ў школу, − працягвае Зямля і паварочвае да Сонейка другi бок.
     Раніцай першымі заўважаюць сонечныя праменьчыкі птушачкі. Яны пачынаюць радасна ціўкаць і шчыра вераць, што Сонейка ўстае на небе толькі дзеля іх. Кветкі і лісточкі на дрэвах, траўка і іншыя расліны з пяшчотай глядзяць на ўзыходзячае Сонейка. Усе яны яго вельмі любяць і думаюць, што Сонейка ўстае толькі для таго, каб сагрэць іх. Рака нясе сваю быструю ваду. Убачыўшы, як Сонейка асцярожна кранула яе паверхні, каб ледзь-ледзь сагрэць сваім цяплом, рака ўпэўнена, што яно любiць толькі яе. Гэтак жа думаюць высокія снежныя вяршыні гор і пясчаныя пустыні. Гэтак жа разважаюць нават маленькія мошкі і мурашкі.
     Але Сонца не робіць нікому выключэнняў! Яно любiць сваю сястрычку Зямлю і тых, хто жыве на ёй. Усіх, усіх, усіх! А ўдзячная Зямля і яе жыхары гэтаму вельмі радыя: яны шумяць, пішчаць, гудуць, спяваюць і ўслаўляюць сваё ненагляднае Сонейка!
     
     Гэтая казка на рускай мове
8.03.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100