Падарунак для мамы - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Падарунак  для  мамы
Падарунак для мамы
Па сцяжынцы да сваёй хаты ішла дзяўчынка. Яна несла вялікі букет кветак. Матылёк прысеў да яе на плячо і запытаўся:      − Каму ты, Машанька, падорыш гэтыя кветкі?
     − Маёй мамачцы.
     Сінічка прасвістала на галінцы рабіны:
     − Машанька, для каго гэтыя цудоўныя кветкі?
     − Для маёй мамы.
     Павучок спусціўся па павуцінцы каля дзвярэй Машанькінай хаты:
     − Машанька! Якія прыгожыя кветкі! Каму ж ты іх нясеш?
     − Маёй матулі! У яе сёння дзень нараджэння! − сказала дзяўчынка і радасна ўсміхнулася ўсім.
     Пачула маленькая рыжая Мурашачка словы Машанькі і пабегла віншаваць сваю маму, вялікую Мурашку, бо ў яе таксама сёння дзень нараджэння! А ў падарунак яна панесла ёй вельмі прыгожы бліскучы каменьчык − сапраўдную жамчужыну!
     Два маленькіх шэранькіх Мышаня, якія гулялі каля норкі, таксама ўспомнілі пра дзень нараджэння сваёй мамы, шэрай Мышкі. Яны хуценька пабеглі ў поле, каб сарваць там ёй у падарунак некалькі залацістых каласкоў. Чатыры Пчолкі назбіралі цэлыя збаночкі духмянага мёду і панеслі іх маме, Пчале, у падарунак. А спрытныя маленькія Ластаўкі ўжо ляцелі да свайго гняздзечка з вяночкамі з зялёных пялёсткаў. Гэта былі падарункі іх маме − чарнакрылай Ластаўцы.
     І толькіЯблынька, якая схіліла свае галінкі да акенца Машынай хаты, бачыла, як дзяўчынка павіншавала сваю маму з днём нараджэння і падарыла ёй букет кветак. Мама Машанькі радасна ўсміхнулася, абняла дачушку, пацалавала, а потым паставіла гэты дарагі падарунак у вазу з вадой на стале.
     
     Казку агучыла артыстка Ліка Пташук
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
28.02.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100