“Бабіна лета” ў лесе - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
“Бабіна лета” ў лесе
“Бабіна лета” ў лесе
Заканчвалася вясёлае і вельмі прыгожае лета. Зайчаняты і важаняты, ваўчаняты і лісяняты, ваверчаняты і нават малышы-мышаняты − усе, хто не баяўся гарачага летняга дня, адагрэліся пад прамянямі асляпляльна-яркага сонца і нагуляліся на лясных палянках у вельмі цікавыя і займальныя дзіцячыя гульні. Але як часта здараецца ў нашым жыцці, нечакана лета скончылася. Надышла восень. І яшчэ нядаўна такі радасны і бестурботны лес прамок ад халодных восеньскіх дажджоў, прыціх.      Засумавалі мокрыя лісцікі на дрэвах, моршчачыся ад холаду, зажурылася лясная дзятва, схаваўшыся ад нялюбага дажджу ў норкі і ў дуплы. Апусцелі лясныя палянкі. Травінкі і кветачкі на іх паніклі, бо да іх у госці ўжо не прылятаюць пчолкі і жучкі, каб падарыць свае пяшчотныя пацалункі. Што і казаць, нават дрэвы ў лесе затужылі. Ім ужо да самай вясны не пачуць звонкіх і вясёлых песень, таму што пеўчыя птушкі паляцелі на зімоўку ў паўднёвыя краіны.
     Хныкае Зайчаня, злуецца на шкодны дожджык, што стукае і стукае сваімі мокрымі кроплямі па зямлі, але бабуля Зайчыха супакойвае ўнука:
     − Не плач! Восень яшчэ падорыць нам сваё маленькае сонечнае “лета”.
     − Як гэта падорыць? − дзівіцца Зайчаня. − Адкуль яна яго возьме?
     − Гэта не зусім тое лета, якое ты ведаеш, − тлумачыць бабуля Зайчыха. – Але такую пару года вельмі чакаюць усе бабулі. Ім, старым, у такія цёплыя восеньскія дзянькі не трэба хавацца ад гарачых сонечных прамянёў, як летам. У гэты час сонца цёплае і ласкавае.
     Бабуля Зайчыха не падманула. Праз пару тыдняў неба праяснілася, выглянула сонейка, і лес ізноў ажыў. Апрача таго, ён стаў нейкім не такім, як раней, а яшчэ больш яркім і рознакаляровым! Восень афарбавала лістоту на дрэвах у жоўты, залаты і барвовы колеры.
     Выбегла лясныя жыхары на сонечныя палянкі, і зноў зазвінелі вясёлыя і радасныя галасы зайчанят і важанят, лісянят і ваўчанят, ваверчанят і мышанят. Скача дзятва, песні спявае, а вакол яе на пяньках бабулі сядзяць, усміхаюцца, сваіх унукаў адна адной расхвальваюць. Якія ж яны разумныя і кемлівыя, спрытныя і жвавыя! Ды і ў саміх бабуляў цяпер не жыццё, а любата, на пяньках сядзець і семкі лускаць. Апрача таго, няма патрэбы пад дрэвы ў цень хавацца. У гэтую пару года сонейка далікатнае, цёплае і зусім не гарачае.
     А рознакаляровая лістота з дрэў ападае, кружыцца, сама ў прыгожыя букеты складаецца і ў бабульчыны кошыкі кладзецца.
     − Вось вам падаруначкі ад мяне, − ласкава шэпча бабулькам на вушкі Восень. − Ведаю, вы больш за ўсіх любіце мае цёплыя дзянькі, таму і назвала я іх бабіным летам.
     
     p.s. Казку чытае Ліка Пташук
     
     Гэтая казка на рускай мове
28.02.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100