Тры сцяжынкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Тры сцяжынкі
Тры сцяжынкі
Як прыемна пагуляць па лесе летняю парою ў сонечны яркі дзень! Зірнеш угару, на неба, а там высока-высока дрэвы шамацяць зялёнымі галінамі. Якія ж яны прыгожыя і стройныя! Паглядзіш уніз, на зямлю, а тут столькі розных раслін расце! І кусты, і высокая трава, і кветкі. Паветра ў лесе чыстае свежае і пахкае. Гэта пахі травы і кветак.      А ты, мой даражэнькі сябар, ужо выбраў сцяжынку, тую, па якой пойдзеш у свой знаёмы лес? Калі не, то паслухай гэтую маленькую казачку.
     У вялікім і густым бары, дзе нявопытнаму турысту лёгка заблудзіцца, паміж бярозак і асін, ялінак і хвой пралеглі тры сцяжынкі.
     − Куды ты мяне прывядзеш, сцяжыначка? − спытала Казляня ў першай, самай шырокай сцяжынкі.
     − Да ручайка з ключавой вадой.
     − Ой, як добра! Я пабягу і нап'юся вадзіцы, − узрадавалася Казляня.
     Пачула голас Казляняці Траўка-Мураўка, Дзьмухаўцы павярнулі да яго свае галоўкі, а Крапіва-Жыгучка прыгатавалася апячы. Але яна расце далёка ад сцяжынкі, не дастане сваімі лісцікамі да ножак Казляняці. А мяккі і вельмі цікаўны Трыпутнік падабраўся да самай сцяжынкі, каб лепш разглядзець маленькае Казляня.
     Прыбег Зайчык. Убачыў тры сцяжынкі, выбраў для сябе сярэднюю, тую, што вузейшая за першую сцяжынку, і пытае:
     − Куды ты мяне прывядзеш, другая сцяжыначка?
     − На лужок.
     − А што там ёсць?
     − Там капуста ды шчаўе выраслі зялёныя і вельмі смачныя.
     − Пабягу я на гэты цудоўны лужок, там і паабедаю, − вырашыў Зайчык.
     Прытупаў да трох сцяжынак Таптышка-Мядзведзь.
     − Куды ты вядзеш, самая вузенькая, трэцяя сцяжынка? − пытае.
     − На пагорак.
     − А што там ёсць?
     А там чырвоных сунічак вельмі многа. Самі ў рот так і просяцца!
     − Гэта яны для мяне паспелі, − рыкнуў Мядзведзь і задаволены паплёўся па сцяжынцы ў горку.
     А лапы ў яго вялікія, шырокія. Разбілі Мішкіны сляды трэцюю сцяжынку, і стала яна нават шырэйшай за першую сцяжынку.
     Прыляцела Птушка-Невялічка, звонкі галасок.
     − Што гэта за Сцяжынкі? − праспявала яна. − Куды яны вядуць?
     Бярозка, што побач з першай сцяжынкай расла, серабрыстымі галінкамі памахала:
     − Вунь туды, − кажа, − да ручайка. − У ім вадзіца чыстая ключавая!
     − А ты, другая сцяжынка, куды прывядзеш?
     − Яна прывядзе на лужок, дзе капуста расце, − разам адказалі Дзьмухаўцы, высоўваючы свае ярка-жоўценькія галоўкі з высокай травы.
     − А ты, трэцяя, самая шырокая сцяжынка, куды мяне прывядзеш?
     − Ды на пагорак яна прывядзе, на пагорак! − страсянула блакітнымі іголачкамі Елка. − Там духмяныя суніцы паспелі. Іх вельмі многа!
     − Вось і добра! − празвінела Птушка-Невялічка. − Спачатку я нап'юся ключавой вадзіцы, потым капусткі пашчыпаю, а на закуску сунічкамі паласуюся. І мне не патрэбныя сцяжынкі. Я ж лячу куды хачу!
     − Вось як! − падумалі Сцяжынкі. − Мы ўсім дарогу паказваем, а ёй і не трэба.
     А стары мудры Дуб зашумеў галінамі, паглядзеў на Сцяжынкі і даў усім параду:
     − І тым, хто ідзе, і тым, хто ляціць, усё роўна патрэбны праваднік. Няхай Птушка-Невялічка не выхваляецца дарэмна. Хто ж, як не Сцяжынкі, пакажа ёй дарогу да ручайка, на лужок ці на пагорак?
     
     Гэтая казка на рускай мове
18.02.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100