Снягір прынёс снег? - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Снягір прынёс снег?
Снягір прынёс снег?
     
     Надышла зіма. Як жа птушкі і звяры адчуваюць сябе у ЗІМОВЫМ ЛЕСЕ? Наступтыя казкі аб гэтым.
     
У лесе жыло шмат птушак. Вясною і летам яны спявалі вясёлыя і радасныя песні, хто як умеў. Самымі прыгожымі былі галасы ў Салаўя і Дразда. Гучней за ўсіх каркала Варона і трашчала Сарока. А Снегіра ніхто не бачыў, таму што жыў ён у глыбіні лесу. Паміж высокіх пухнатых елак маленькі Снягір быў зусім не прыкметны. Ды і спяваў ён свае песні ціха, можна сказаць, па-культурнаму, не імкнучыся нікога перакрычаць.      − Жу-жу-жу, жу-жу-жу. Я жыву і не тужу, − вось і ўся яго песня.
     Снягір не журыўся, таму што ведаў − няхай Варона і Сарока крычаць і красуюцца ў лесе цяпер, затое ўзімку ўсё будзе інакш.
     Так і здарылася. Прыйшла зіма, і ўсе галінкі на дрэвах пабялелі. Нават зялёных лапак елак і сосен стала не відаць з-за пухнатага белага снегу, які паўкрываў дрэвы да самых верхавін. Неяк прыйшоў Мастак маляваць зімовы лес, і што ён бачыць? Вакол толькі белы снег, а дзе ж яркія лясныя фарбы?
     Вось тады і заўважыў Мастак у белым заснежаным лесе гэтую маленькую, але такую па-летняму яркую вясёлую птушачку. Яна, нібы агеньчык, зазіхацела на белым снезе сваім ярка-чырвоным апярэннем!
     Ах якім Снягір на карціне атрымаўся, сапраўдны прыгажун! Усе птушкі ў зімовым лесе глядзяць і зайздросцяць, што не іх намаляваў Мастак.
     − І адкуль ты такі ўзяўся? − пытае Варона.
     − Дзе ты быў улетку, чаму мы цябе не бачылі? − стракоча Сарока.
     А Снягір толькі жартуе:
     − Я прыляцеў да вас з самай Поўначы разам са снегам!
     − Дык ты Снягір! − зразумелі птушкі. − Снежная птушка!
     А Снягір – маўчун, нічога не адказвае гэтым зайздоснікам. І вось ён ужо ляціць да Рабінкі. Там, на ёй, яшчэ ўвосень паспелі смачныя ярка-чырвоныя плады. Цяпер ягадкі накрытыя снегам, але гэта не бяда. Снягір усё роўна разглядзіць іх. А Рабінка будзе толькі рада пачаставаць такой смачнай ежай свайго сябра.
     
     Гэтая казка на рускай мове
11.02.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100