Сасновыя іголкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Сасновыя іголкі
Сасновыя іголкі
Жыла-была на беразе мора дзяўчынка Сасонка. Вясноваю парою паправіла яна сваю спаднічку з зялёных іголачак і смалістых шышачак ды пайшла гуляць на луг. А там ужо тры сяброўкі песенькі спяваюць, карагоды водзяць. Першая, быццам тоненькая сцяблінка, у сарафане з серабрыстых лісточкаў і доўгіх пухнатых каташкоў назвалася Бярозкай. Другую, у лёгкай сукеначцы з ліпкіх бліскучых лісцікаў і пахкіх жоўтых кветачак, звалі Ліпай, а трэцяю, у ажурнай кофтачцы з белых кветачак, - Рабінкай. Водзяць дзяўчынкі карагод, усміхаюцца, на Сасонку паглядаюць, але да сябе ў гульню не клічуць.      − Вазьміце мяне ў карагод, − папрасілася Сасонка.
     − Як жа мы цябе возьмем? – адказалі ёй сяброўкі. – Паглядзі! У цябе ўся спаднічка ў калючых іголках. А нашы лісцікі і кветачкі такія далікатныя! Яны баяцца калючак.
     Збянтэжылася Сасонка ад такіх няласкавых слоў і да Мора пайшла. Села ля берага, тонкія ножкі ў ваду апусціла і плача:
     − Што ж я такая нешчаслівая нарадзілася на свет і не люба нікому?!
     А слёзкі ў яе няпростыя, цягучыя і смалістыя, у марскую ваду капаюць і тут жа ў сонечныя янтарныя каменьчыкі ператвараюцца. Убачыла гэта Мора і кажа Сасонцы:
     − Не плач, дзяўчынка! Ты шчаслівая, раз Сонейка цябе любіць. Лепш схадзі на ўзгорак, там мудры дзядуля Кедр жыве, ён ведае пра ўсё на свеце і падкажа табе, што рабіць.
     Пайшла Сасонка да старога Кедра. Ён паглядзеў на яе, доўгі касматы вус пакруціў і кажа:
     − Ведаю я пра тваё гора. Дык яно зусім не гора, а глупства нейкае. Не калючая ты, а пухнатая, вечназялёная і прыгожая. Паглядзі! Каля брамкі мая ўнучачка Ялінка стаіць. Паспрабуй пасябраваць з ёю. А калі так, то будзеце вы сяброўкамі навекі.
     Пачула гэтыя добрыя словы Сасонка, і на душы ў яе так лёгка і цёпла стала! Падышла яна да Ялінкі, абняла яе і зразумела, што лепшай сяброўкі ёй не адшукаць. Выйшлі дзяўчынкі на бераг Мора, на Сонейка залюбаваліся і песеньку заспявалі. З той пары Ялінка і Сасонка жывуць разам на беразе Балтыйскага мора ў прыгожым карабельным лесе.
     А бярозкі, рабіны і ліпы не часта ходзяць да іх у госці. Відаць, усё яшчэ баяцца пакалоцца аб калючыя іголачкі. У гэтых дрэў свае лясы і гаі. І краса ў іх іншая. Але іх далікатныя зялёныя лісточкі баяцца не толькі калючых іголак. Увосень ад холаду і марозу лісце жоўкне і ападае з дрэў. А зялёныя іголачкі хвой і елак нічога не баяцца. Узімку на пухнатыя яловыя і сасновыя лапкі кладзецца снег. Ён ухутвае дрэўцы з галавы да ног у цёплае белае футра і тым самым абараняе іх ад марозу.
     
     Казку агучыла Ліка Пташук
     
     Гэтая казка на рускай мове
5.02.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100