Зайка-гарэза - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Зайка-гарэза
Зайка-гарэза
     
     ПРЫГОДЫ ЗАЙЧАНЯТ
     У лесе шмат птушак. Ты пачуеш, як хораша яны спяваюць! Хутка ты навучышся адрозніваць іх галасы. Даведаешся, як спявае салавей, трашчыць сарока, кукуе зязюля, а дзесьці па дрэве дзюбай будзе стукаць дзяцел. Мабыць, ён будуе новае дупло?
     Тут, у гэтым лесе, за кусцікам прытаіўся шэранькі зайчык. А дзесьці ў высокай траве хаваецца маленькая мышка ці жаба. Калі пашанцуе, ты можаш сустрэць калючага вожыка і рыжую вавёрку з доўгім пухнатым хвастом. А ў вялікім запаведным лесе водзяцца ваўкі, лісы, барсукі, кабаны, алені, ласі, мядзведзі. Яшчэ шмат розных звяроў.
     
     
Па лясной сцяжынцы падскокваючы бег хтосьці асляпляльна яркага колеру і спяваў вясёлую гарэзлівую песеньку. Гэта быў маленькі аранжавы Зайка. Такі яркі бліскучы кажушок падарыла яму Сонейка. Сонейку спадабаўся маленькі вясёлы Зайка. Вось яно і вырашыла зрабіць яму такі падарунак. Зайку адразу ж убачылі дрэвы і кусты, кветкі і травінкі, міма якіх ён прабягаў. Усе ўсміхаліся, гледзячы на яго, і казалі:      − Які прыгожы аранжавы Зайка! Які ён вясёлы і гарэзлівы!
     Надышла ноч. Зайка заснуў на палянцы ля старой Елкі. Але кажушок яго не пераставаў свяціцца, як маленькае сонейка.
     − Ох, − падумала мудрая Елка, − з'есць яго Воўк! Ён заўсёды блукае ў лесе па начах. Схаваю я Зайчанятку пад сваімі пухнатымі зялёнымі галінкамі! − вырашыла яна і прыкрыла малога.
     Раніцай Зайка прачнуўся, выбраўся з-пад яловых галінак на лясную палянку, весела ўсміхнуўся і прывітаўся з усімі:
     − Добрай раніцы, Сонейка, добрай раніцы, лясная палянка!
     − Добрай раніцы, наш аранжавы Зайка! − адказвалі яму Сонейка, дрэвы, кветкі і травінкі.
     А Елка, тая, што хавала Зайку ўначы ад злога Ваўка, сказала:
     − Ты вельмі прыгожы! Але твой яркі аранжавы кажушок занадта прыкметны ў лесе. Давай зменім яго на іншы, цямнейшы, для таго, каб уначы цябе не заўважыў злы зубасты Воўк.
     − Правільна, толькі так мы выратуем маленькага Зайку! − зашумелі ўсе дрэвы, кусцікі, кветачкі і травінкі на лясной палянцы. − Мы папросім у Лета для яго новы карычневы ці шэранькі кажушок!
     Неўзабаве Зайка перапрануўся ў новы кажушок, які яму падарыла Лета. У ім яму ўжо сталі не страшныя ні злы Воўк, ні хітруга Ліса, таму што яго кажушок быў такога ж колеру, як пяшчаныя сцяжынкі ў лесе.
     Вось такога Зайку ты, мой дарагі дружа, можаш сустрэць у лесе летняю парой. Але Лета аднойчы заканчваецца. За ім надыходзіць Восень. А за Восенню прыходзіць Зіма. Узімку ў лесе выпадае вельмі многа белага снегу. Ён хавае траву, лясныя сцяжынкі, галінкі ўсіх дрэў і кусцікаў. І тады ўжо маленькага Зайку не зможа выратаваць ад злога Ваўка ці хітругі Лісы яго цёмны кажушок. Таму што ён вельмі прыкметны на белым снезе. Што ж рабіць нашаму Зайку? Увесь час хавацца пад снегам? А яму так хочацца бегаць, скакаць і гуляць! Ён жа такі гарэза!
     Тады просіць лес для Зайкі ў Зіміцы-зімы новы кажушок, белы, як снег. І Зіма ніколі не адмаўляе. Яна заўсёды дорыць Зайку пухнаты, белы, як снег, але зусім не халодны, а вельмі цёплы кажушок. Таму што Зіма ведае: без гэтага вясёлага гарэзы ў лесе не абысціся.
     Вось так і жыве Зайка, кожны год змяняючы кажушок з цёмна-карычневага ці цёмна-шэрага на белы і наадварот.
     
     Гэтая казка на рускай мове
4.02.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100