Рыжык - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Рыжык
Рыжык
Улетку мінулага года было вельмі цёпла. Сонца пасылала і пасылала на Зямлю свае гарачыя праменьчыкі. А яны так моцна награвалі хаты, дрэвы, траву, увогуле ўсё, што траплялася ў іх на шляху, што вытрымаць такую спякоту было немагчыма. І тады зямля, вада, расліны, людзі, жывёлы пачалі адштурхваць надакучлівыя сонечныя праменьчыкі ад сябе. А наіўныя праменьчыкі крыўдзіліся, бо яны працавалі ад душы, спадзяючыся, што іх цяпло трэба ўсім на Зямлі. Ад крыўды гарачыя летнія праменьчыкі сціскаліся ў камячкі і хаваліся па лясах пад кустамі і дрэвамі. Сонца заўважала, што ў яго губляліся праменьчыкі, шукала іх, клікала і гукала. Тыя ж чулі голас Сонца, бо гэта быў голас іх маці, і ляцелі на неба. Але здарылася так, што адзін рыжы Камячок гарачых летніх праменьчыкаў спаў у той час, калі Сонца шукала яго, не пачуў яго кліч, таму так і застаўся сядзець у лесе пад кусцікам.      Тым часам гарачае лета прайшло, і настала дажджлівая і пахмурная восень. На Зямлі ўжо не чакалі цяпла. Лясы, палі і лугі пачалі рыхтавацца да зімы. Пералётныя птушкі паляцелі на поўдзень, звяры збіралі запасы ежы і ўцяплялі сваё жыллё. І ніхто не здагадваўся, што пад кусцікам маліны ў лесе схаваўся пухнаты рыжы Камячок вельмі гарачых сонечных прамянёў.
     Час ішоў. Пачалася зіма. Стала яшчэ халадней. Падзьмулі ледзяныя вятры, віхрам закруцілася завіруха. Усе дрэвы, кусты і трава паўкрываліся белым снегам. Пухнаты рыжы Камячок пад кусцікам маліны таксама занесла снегам, ды так, што ўтварылася цэлая гурба! На верхавіне гурбы віднелася маленькая дзірачка, з якой на белы свет выглядвала яркае, як Сонейка, вочка.
     Неяк Сарока, пралятаючы міма дзіўнай белай гурбы з рыжай дзірачкай, з цікаўнасці дзяўбнула прама ў гэтую дзірачку і адразу ж балюча абпаліла сваю дзюбку.
     − Ах ты, Нягоднік! Яшчэ і палішся! − здагадалася Сарока, што гэта Камячок сонечных праменьчыкаў яе абпаліў. − Што ты там пад снегам робіш? Лепш ляці, сагравай норкі і дуплы. Усе звяры мерзнуць!
     − Гэта праўда. Я ж магу іх сагрэць! − узрадаваўся сонечны Камячок, стрэсваючы з сябе снег.
     Яму вельмі надакучыла сядзець аднаму пад кусцікам, таму ён з задавальненнем паляцеў усіх саграваць. Рыжы Камячок абляцеў усе дуплы вавёрак, усе норкі лісак, мышак, зайчыкаў, вожыкаў, нават у бярлогу да самога мядзведзя забраўся. Звяры дзякавалі сонечнаму Камячку за цяпло, якое ён прынёс у іх жыллё. А Рыжык быў вельмі рады, што можа камусьці дапамагчы, кагосьці абагрэць. Усю доўгую халодную зіму ён лётаў і лётаў з норкі ў норку, з дупла ў дупло, саграваючы жыллё звяроў. І хоць быў моцны мароз і завіруха, лес ажыў, бо калі цёпла, спаць неяк не хочацца. Маленькія дзеткі звяроў бегалі па цёплым норкам і гулялі ў вясёлыя гульні, а старэйшыя дзеці чыталі кніжкі або пісалі ў сваіх сшытках.
     А калі надышла вясна, і на небе ўсё часцей і часцей пачало паказвацца Сонейка, яно, памятаючы пра гарачыя праменьчыкі, якія летась страціліся на Зямлі, тут жа паслала сваіх дзяжурных шукаць згубу. Дзяжурныя праменьчыкі хутка адшукалі рыжы сонечны Камячок і распавялі пра гэта Сонцу.
     − Як жа ты, Рыжык, пражыў тут усю халодную зіму? − спытала Сонца. − Не змерз?
     − Ні кропелькі! − адказаў рыжы Камячок сонечных праменьчыкаў.− Наадварот. Я ўсіх сагрэў!
     
     Казку агучыла Ліка Пташук
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
28.01.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100