Радасная Кветачка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Радасная Кветачка
Радасная Кветачка
У цёмным густым лесе на зямлі, пакрытай сухімі яловымі і сасновымі іголкамі, вырасла вельмі прыгожая Кветачка. Яна была яркай, жоўценькай, быццам вясновае сонейка, якога ніколі не бачыла. Але Кветачка не маркоцілася. Яна ўсміхалася і спявала вясёлыя песенькі. Толькi вельмі шкада, што ніхто ў цёмным і глухім лесе не бачыў яе і не чуў, як яна цудоўна спявае.      Сумна стала Кветачцы, і пайшла яна па лесе шукаць сяброў. Ідзе і песеньку сваю напявае. Пачуў яе звонкі галасок Чарвяк. Вылез з зямлі на святло, каб паглядзець на спявачку. А Кветачка, убачыўшы Чарвяка, узрадавалася і кажа яму:
     − Чарвяк, чарвяк! Давай з табой сябраваць!
     − Не, гэта немагчыма, – адказаў Чарвяк. − Ты ж не захочаш лезці за мной у зямлю. А я там жыву, і там мая хата.
     − Як жа ты там поўзаеш, Чарвяк?
     − Вельмі проста. Я пракладваю пад зямлёй хады. Яны падобныя на тунэлі.
     − Не. Я не жадаю з табой поўзаць пад зямлёй. Лепш я пашукаю сабе сябра на зямлі, − вырашыла Кветачка і пайшла далей.
     Ідзе яна і песеньку сваю напявае. Убачыў яе Вусень, які сядзеў на ствале сасны. Падпоўз бліжэй і слухае.
     − Хораша ты спяваеш, Кветачка! − кажа.
     − Калі табе падабаецца, то, можа, ты захочаш са мной сябраваць?
     − Не, − прамовiў Вусень.− Я не змагу за табой угнацца. Ты вунь якая жвавая. Бяжыш, як ляціш!
     − Ну, як ведаеш, − адказала Кветачка і пайшла далей.
     Хадзіла яна, хадзіла цэлы дзень, а сяброў сабе так і не знайшла. У цёмным лесе яшчэ больш сцямнела, і настала ноч. Заснула Кветачка, а раніцой зноў адправілася на пошукі сяброў. Ідзе і песеньку спявае.
     І тут ёй, нарэшце, пашанцавала. Побач пралятала Варона. Пачула яна песню Кветачкі і кажа:
     − Не знойдзеш ты сабе сябра ў гэтым цёмным лесе. Пойдзем, я правяду цябе на палянку. Туды часта заглядвае Сонейка. А яго любяць пчолкі, матылькі і стракозы, конікі і жучкі. Яны ўсе збіраюцца там, на палянцы.
     − Скажы, Варона, яны захочуць са мной сябраваць? − спытала Кветачка.
     − Вядома, захочуць! Бо, ты такая радасная!
     Прывяла Варона Кветачку на сонечную палянку. А там − пчолкі гудуць, матылькі пырхаюць, конікі стракочуць! Ох, як весела, як цікава!
     − Якая прыгожая Кветачка, яна быццам маленькае Сонейка! − зазвінелі, загудзелі ўсе на розныя галасы.
     Абкружылі Кветачку, глядзяць на яе і нагледзецца не могуць. Бо, выйдучы з цемры на сонечнае святло, яна стала яшчэ прыгажэйшай і ярчэйшай!
     Усміхнулася Кветачка і пытае:
     − Пчолкі, стракозы, матылькі! Вы будзеце са мной сябраваць?
     − Вядома, будзем! Ты ж такая вясёлая і радасная!
     Узрадавалася Кветачка, расправіла свае далікатныя жоўценькiя пялёсткі, паглядзела на Сонейка, паправіла на галоўцы зялёны капялюшык і заспявала:
     Са мной сябруюць мошкі,
     Пчолкі, матылькі,
     Стракозы і жучкі!
     Таму што я вясёлая,
     Я радасная Кветачка!
     Сонейка слухала песеньку Кветачкі і ўсміхалася. А мошкі, матылькі, стракозы, пчолкі і жучкі танцавалі.
     Неўзабаве ўся палянка расцвіла! На ёй вырасла шмат зялёных травінак. А паміж імі раскрылі свае тоненькія пялёсткі сотні малянят − далікатных і вельмі прыгожых кветачак. Сонейка размалявала іх ва ўсе колеры вясёлкі: фіялетавы, сіні, блакітны, зялёны, жоўты, ружовы, чырвоны, бардовы. Ох, як весела стала ўсім, як хораша!
     Цяпер кожны дзень на сонечнай палянцы гучаць вясёлыя і радасныя песенькі. А мошкі і матылькі, стракозы, пчолкі і жучкі цалуюць цудоўныя кветачкі ў прыгожыя рознакаляровыя галоўкі.
     І калі вы калі-небудзь знойдзеце ў лесе такую вясёлую і прыгожую сонечную палянку, то, вядома ж, абавязкова ўбачыце на ёй тую самую Радасную Кветачку!
     
     
     p.s. малюнак украінскай мастачкі Галіны Польняк.
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
27.01.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100