Забыўчывае Cонейка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Забыўчывае Cонейка
Забыўчывае Cонейка
Неяк зазірнула вясновае Сонейка на лясную палянку і спалохалася.      – Як жа гэта я не даглядзела? Колькі снегу ляжыць у лесе, і дрэвы яшчэ не прачнуліся ад зімовай спячкі, – пачало вiнавацiць сябе Сонейка. – На палях снег даўно растаў, а пра лес я зусім забылася! Небаракі! Вам, напэўна, вельмі холадна? – яно дакранулася сваім праменьчыкам да бярозак, сасонак і ялінак.
     Дрэвы штосьці ціха прашапталі яму ў адказ. І Сонейка, напалохаўшыся, што яны захварэлі, пачало з усяе сілы саграваць змёрзлыя ствалы і галінкі дрэў.
     Неўзабаве адно за другiм дрэвы пачалі прачынацца. У ствалах забурлiў сок, набухлі пупышкі. І снег на палянцы пачаў раставаць. З зямлі паказаўся слабенькі расточак. Гэта быў першы Падснежнiк.
     Назаўтра Сонейка зноў забылася пра лясную палянку. Але дрэвы ўжо прачнуліся, заварушыліся, і сок сам пабег па ствалах і галінках. Толькi маленькі Падснежнiк стаяў на сваёй тоненькай ножцы і дрыжаў ад холаду. Вакол яго яшчэ ляжаў снег.
     – Пі, пі… – ледзь чутна прапішчаў ён. – Мне холадна!
     Здавалася, хто б змог пачуць такі слабы піск? Але добрая Ялінка, якая расла непадалёку, пачула яго жаласны тонкі галасок і расказала пра гэта Бярозцы, што схілілася над ёй. Бярозка перадала Дубу, а Дуб зашумеў сваімі вялікімі галінамі і ўспудзіў Сароку, якая сядзела тут жа:
     – Ляці! Пакліч сюды Сонейка. Няхай яно сагрэе Падснежнiк, бо ён можа захварэць!
     Сарока-белабока ўзмахнула крыламі і вылецела з цёмнага лесу на святло. Яна ляцела і трашчала, не спыняючыся, пра тое, што на палянцы здарылася бяда:
     – Падснежнiк замёрз! Падснежнiк захварэў!
     Сонейка адразу абдумалася:
     – Вось я дурніца! Ізноў забылася сагрэць лясную палянку! – і мiгам асвятліла лес.
     Затым яно сагрэла Падснежнiк і растапіла ўвесь снег на палянцы. І тады ўсе ўбачылі, як з зямлі павылазiлi расткi травы і сцяблінкі кветак. Набухлыя пупышкі на дрэвах лопнулі. Бярозкі і дубы зашалясцелі маленькімі зялёнымі лісточкамі. Ялінкі зашавялiлі маладзенькімі ярка-зялёнымі пухнатымі галінкамі. Паветра напоўнілася водарам палявых кветак. Вакол заспявалі птушкі, застракаталі конікі, загудзелі пчолкі і стракозы. І ўвесь лес прачнуўся!
     Сонейка, паглядзеўшы на ўсю гэтую прыгажосць, засмяялася ад захаплення. А жыхары лесу былі шчаслівыя, таму што іх дом ажыў, і зараз цэлае лета да самай восені яны будуць жыць дружна і весела!
     
     Казку агучыла Ліка Пташук
     
     Гэтая казка на рускай мове
25.01.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100