На Калядкi i Лiсе – аладкi (чытае аўтар) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
На Калядкi i Лiсе – аладкi (чытае аўтар)
На Калядкi i Лiсе – аладкi (чытае аўтар)
     Як пайшла Каляда
     Упярод Раства,
     Каляда, Каляда!*
     [*Паўтараецца пасля кожнага двухрадкоўя.]
     Прынесла ж Каляда
     Рэшата бліноў,
     Рэшата бліноў,
     Берасцень мёду.
     Дзеткі блінамі
     У мёд макалі,
     У мёд макалі,
     Каляду ўспаміналі.
     Гілевіч, 1974, с. 13. Зап. В. Пшыркова ў в. Дражакі Гарадоцкага р. ад Фёклы Івановай, 72 г.
     
Прыйшла зіма. Выпаў снег. Дзеці ляпілі снегавікоў і цешыліся таму, што на дварэ Каляды і Новы год. Марынка, як і ўсе дзеці ў яе вёсцы, вельмі любiла гэтыя святы, таму што на Новы год Дзядуля Мароз дорыць дзецям падарункі. А на Каляды заканчваецца пост, і мама з бабуляй гатуюць многа рознай смачніны!      Дзяўчынка часта бегала да бабулі ў суседнюю вёску. Дапамагала ёй у хатніх справах. Марынкіна бабуля старэнькая. Але як яна ўмее пячы калядныя бліны і рабіць смачныя каўбаскi! Нават мама зайздросціць яе майстэрству.
     – Бабуля! Хто цябе навучыў пячы такія бліны? – спытала Марынка, уплятаючы калядныя блінцы і каўбасу.
     – Дык іх на Каляды пяклі яшчэ нашы прабабулі. Я магу і цябе навучыць, – адказала бабуля. – Яны гатуюцца з цёртай бульбачкі і дражджэй.
     – А калі ты была маленькай, твая мама таксама пякла такія бліны? – дапытвалася ўнучка.
     – Вядома. І не толькі бліны. Да Каляд гатавалі куццю, і ежа была поснай. У Новы год на стол ставілі пірагі і бліны, каўбасы і яшчэ шмат усякай ежы. Толькі нам, дзецям, матуля не дазваляла адразу многа есцi, бо мог разбалецца жывот. На Каляды дзяўчыны і нават дзяўчынкі такія, як ты цяпер, варажылі. А потым у хаце сустракалі калядоўшчыкаў і частавалі іх усім тым, што было на стале.
     – Я ведаю, бабуля! І цяпер у нашай вёсцы калядоўшчыкi ходзяць па хатах.
     Марынцы было добра на канапе побач з бабуляй. За акном завывала завіруха, але ў пакоі было цёпла, і пахла пірагамі.
     – Калi хочаш, – прапанавала бабуля, – я раскажу табе казку.
     – Нават вельмі хачу, бабулечка! – ласкава адказала ўнучка.
     – Тады слухай.
     Было гэта даўно, а можа і нядаўна. На канцы сяла, ля самага лесу, жылі дзед з бабай, старэнькія, як я. Быў у іх кот, сабака ў двары, куры ў куратніку, і пара кабаноў у хляве. Зіма ў той год выдалася вельмі снежная. Усе хаты пазамятала снегам. Толькі і паспявай, што з дахаў снег чысціць, ды ў дварах дарожкі пракладаць. А вясковым дзецям шмат забавы – снегавікоў ляпіць, ды на лыжах і санках з горак катацца.
     Непрыкметна надышлі Калядныя святы. Яны ж ідуць да Новага года і нават да Вадохрышча. Ва ўсіх хатах гатавалі пачастункі да Каляд – куццю, а потым да Новага года напяклі пірагоў, як мы з табой, бліноў і каўбасаў. Усім малым дзецям – раскоша. Ім яшчэ і пеўнікаў цукровых наварылі, розных там завітушак ды абаранкаў, прама аб'ядзенне!
     Стаiць вёска ўся ў снезе, замеценая, пах ад пірагоў па ўсёй акрузе, нават у лес ідзе. У лесе ж звяры мерзнуць галодныя, па снезе не прайсці, лапы гразнуць. Прайдоха Ліса першай пачула пах смачнага смажанага мяса і вырашыла наведацца ў тую найбліжэйшую да лесу хату, дзе жылі старыя. Там яна шмат разоў спрабавала паляваць за курамі. Вось толькі сабака ў гаспадароў малады ды жвавы, любы шорах пачуе – курэй ахоўвае. А так хочацца курынага мяса!
     "Дай, – думае Ліса, – схаджу зноў, ану пашанцуе і кураня выкраду". Нічога не ведала рыжая пра Каляды і пра тое, што там, у вёсцы, цяпер свята. Пайшла яна ў вёску, снег глыбокі, ісці цяжка, ды і лапы ледзь у снезе не адмарозіла. Прыйшла да хаты, дзе старыя жывуць. Але і на гэты раз не атрымалася ёй курыцу ці нават кураня выкрасці. Сабака тут жа разгледзеў зладзейку і адагнаў ад куратніка. Села Ліса ля брамкі і просіць яго:
     – Я так доўга ішла сюды, лапкі ледзь не адмарозіла, а ты мяне праганяеш. І што гэта за пах ідзе з хат, быццам там засмажылi парася?
     – Так і ёсць, – Сабака адказвае. – Уся вёска калядуе, і да нас хутка калядоўшчыкi за пачастункам прыйдуць.
     – А мне не дадуць хоць крышачку пачастунку? – спытала Ліса.
     – Калі не будзеш красці, тады дадуць, – адказаў Сабака.
     Сам жа ён быў сыты. Ранiцай бабка яго смачна накарміла.
     І вось калі калядоўшчыкi прыйшлі ў хату да дзеда з бабай, Ліса паціху зайшла следам за імі. І ёй перапаў пачастунак, ды яшчэ якi – пышныя калядныя аладкi, кавалак пірага і каўбаса. Ах, і рада была Ліса! Палову сама з'ела, а астатнюю дзеткам у лес панесла.
     У лесе ўсе хутка даведаліся пра калядныя пачастункі. Захацелася Ваўку і Мядзведзю паспытаць такой смачніны. Не ведаю, як Ваўка, а Мішку ў вёсцы таксама частавалі. Лісянятам так спадабаліся аладкi, што яны навучыліся разам з мамай Лісой іх пячы, і цяпер частуюць імі ўсіх малых зверанят.
     Бабуля скончыла казку.
     – Калі лісяняты навучыліся пячы калядныя блінцы, то і я змагу, як ты думаеш, бабуля? – усміхнулася Марынка.
     – Заўтра я навучу цябе іх пячы, – паабяцала бабуля. – А цяпер давай будзем класціся спаць, ужо позна.
     Неўзабаве, у бабулінай хаце пагасла святло. Дзяўчынка ляжала ў ложку і чула, як за акном скуголіць вецер. Завiруха намятала новыя гурбы, зімовыя ночы былі вельмі доўгімі, а наперадзе ўсіх чакала яшчэ адно вельмі прыемнае і радаснае зімовае свята – Вадохрышча.
     
     Гэтая казка на рускай мове
23.01.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100