Прывiтанне, Новы снежны год! - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Прывiтанне, Новы снежны год!
Прывiтанне, Новы снежны год!
     
Асляпляльна белыя сняжынкі ўсё падалі і падалі з неба. За ноч і дзень яны заслалі ўсё навокал, ператварыўшы рознакаляровы свет у цудоўную беласнежную казку.      Познім вечарам у парку ля возера было незвычайна ціха. Усё замерла ў чаканні цуду. Засталося ледзь-ледзь, толькі некалькі хвiлiн, і тады белы парк і белае возера, цёмна-сіняе неба і блакітныя зоркі сустрэнуць Новы год! Яшчэ толькі пара імгненняў!
     І вось ён прыйшоў, ён настаў! Але неяк нячутна і непрыкметна...
     Прайшла ноч, развіднела, і надышла раніца – першая раніца Новага года. А ў парку каля возера ўсё гэтак жа ціха. Спяць белыя дрэвы, белыя гурбы, белае возера.
     Зачараваныя навагоднім сном дрэвы прачнуліся толькі пасля таго, як над возерам праляцела чарада галак, замітусіліся сiнiчкi, вылятаючы з-за галінак пухнатых елак.
     Так, птушкі не змогуць доўга спаць, ім трэба паесці і папіць, а то можна, чаго добрага, і змерзнуць.
     – Прывітанне! – крычалі галкі.
     – Прывітанне! – звінелі сiнiчкi.
     – З новым годам, з новым шчасцем і радасцю!
     – А вы не ведаеце, дзе можна перакусіць? – пыталіся яны адна ў адной.
     – Вунь там, за дарогай, каля высокіх дамоў, ёсць кармушка. Я ўчора наелася белага хлеба.
     – Паляцелі!
     Чародка сiнiчак страпянулася і паляцела ў пошуках ежы бліжэй да людзей. Ім пашанцавала . Ля кармушцы ляжалі кавалачкі белага хлеба. Хтосьці з вечара паклаў яго птушкам. Сiнiчкi пераскоквалі з галінкі на галінку, па чарзе залазячы ў кармушку, каб падзюбаць хлеба…
     Кацюша прачнулася. Устала з ложка і паглядзела ў акно. Усміхнулася. Дзяўчынка ўбачыла, што яе кармушка поўная птушак.
     – Мама! Яны прыляцелі і дзюбаюць! – узрадавалася дзяўчынка.
     Уначы яна хадзіла з бацькамі паглядзець навагодні феерверк і па дарозе насыпала ў кармушку хлеба.
     Кожны год Кацюша сустракае навагоднія святы радасна – з падарункамі, Ёлкай і пірагамі. Вось і сёлета яна і на навагодняе прадстаўленне схадзіла, і ў цырк. Дзяўчынка не ведае, што такое галадаць. І не жадае, каб гэта ведалі яе маленькія і такія бездапаможныя ў халодную снежную зіму крылатыя сябры.
     
     p.s. ілюстрацыя да казкі мастачкі Анастасіі Балыш.
     
     Гэтая казка на рускай мове
9.01.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100