Калядныя падарункi ад Завiрухi - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Калядныя падарункi ад Завiрухi
Калядныя падарункi ад Завiрухi
     
Далёка-далёка на Крайняй Поўначы, у царстве вечнай мерзлаты, жыла Снежная Каралева. Была ў яе дачушка, Завіруха. Прыгожая вясёлая, але няўрымслівая і непаслухмяная. Ёй падабалася лётаць па небе разам са сваім сябрам, лютым Ветрам. Бывала, як закруцяць віхрам у небе снег, так і намятуць на зямлі велізарныя гурбы, усе хаты, дрэвы, вуліцы ў гарадах і мястэчках засыплюць снегам. Завірусе падабалася гарэзнічаць, і яна забывала пра тое, што хтосьці можа замёрзнуць ад яе няўрымслівых выхадак.      Снежная Каралева лаяла дачку за такія свавольствы, але Завіруха не слухала маці, таму што ёй было вельмі сумна, і проста так гуляць, каб чаго-небудзь не нарабіць, дзяўчынцы было зусім не цікава. Апрача таго Завіруха была вельмі дапытлiвая. Яна магла зазірнуць у любую шчыліну ў хаце і нават не баялася нырнуць у калодзеж. А Вецер быў з ёй заўсёды заадно. Нічога не магла зрабіць з непаслухмянай дачкой Снежная Каралева. Пакуль не адбылося вось што.
     Неяк напярэдадні Каляд Завіруха лётала па горадзе і намятала велізарныя гурбы са снегу каля дзвярэй і вокнаў хат. Выпадкова яна зазірнула ў адно акенца і ўбачыла на падаконніку вазоны з кветкамі. Яе вельмі ўразілі чароўныя кветкі ружовай фіялкі, таму што такіх прыгожых кветак яна ніколі не бачыла! Завірусе нават захацелася да іх дакрануцца, каб пагладзіць ці пацалаваць. Але яна ведала, што ад халоднага дакранання далікатныя кветкі могуць загінуць. Дома, у сваім ледзяным царстве, Завіруха вырашыла сама зрабіць кветкі, падобныя на тыя, што ўбачыла, але толькі з лёду і сняжынак. Неўзабаве, яна размалявала ўсе вокны і сцены сваёй хаты серабрыстымі кветкамі і ўзорамі з ажурных сняжынак і іскрыстага лёду. А потым паляцела ў горад, каб намаляваць такія ж кветкі на акне, дзе стаялі вазоны з цудоўнымі жывымі ружовымі фіялкамі!
     Цямнела, надышоў зімовы вечар. Завіруха падляцела да акна і быстра ўзялася за работу. Яна не ведала, што ў гэты ж час у той самай хаце, дзе раслі цудоўныя фіялкі, дзяўчынка Марыйка пякла на кухні разам з бабуляй бліны і гатавала калядную куццю. Гэта быў вечар перад Раством! Завіруха і не заўважыла, як Марыйка падышла да акна і ахнула ад здзіўлення, убачыўшы на шыбе чароўную прыгажосць з ледзянога крышталю. Але зразумеўшы, што дзяўчынка хваліць яе працу і нават кліча бабулю, каб тая паглядзела на казачныя кветкі і ўзоры на акне, Завіруха вельмі ўзрадавалася. Ёй захацелася зрабіць такія ж калядныя падарункі ўсім людзям горада, і яна не паленавалася ў гэтую ноч размаляваць ледзянымі ўзорамі ўсе вокны хат.
     Раніцай, прачнуўшыся, дзеці і іх бацькі былі здзіўлены такім цудоўным зімовым калядным падарункам. Вядома, ніхто не ведаў, які чараўнік так размаляваў іх вокны. Меркавалі, што гэта зрабіў Дзед Мароз, і ніхто не здагадваўся пра тое, што ўсю гэтую прыгажосць падарыла ім Завіруха, дачка Снежнай Каралевы.
     З той пары ўзімку, лётаючы каля вокнаў хат, Завіруха часта размалёўвае шыбы цудоўнымі ўзорамі і кветкамі з ледзянога крышталю і перламутравых сняжынак. І ёй гэты занятак вельмі падабаецца. Яна стала сапраўднай мастачкай снежнай і марознай зімы.
     
     Гэтая казка на рускай мове
3.01.13
Каталог TUT.BY Rambler's Top100