Да Санта-Клаўса на Каляды - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Да Санта-Клаўса на Каляды
Да Санта-Клаўса на Каляды
У ціхую марозную снежаньскую ноч з неба на зямлю падалі асляпляльна белыя сняжынкі. Яны былі падобныя на маленькіх балерын у хрусткіх пачках, якiя плаўна вальсавалi ў чароўным танцы. Сняжынкі ўкрывалі пухнатым дываном усё, што было ў двары: галінкi дрэў і кустоў, дарожкі ля хаты.      У цёмных пакоях усе спалі: хлопчык Пятрусь і яго сястра Марылька – у дзіцячай, мама з татам – у спальні, усімі любiмы сабака Джэк – у пярэднім пакоі. Не спаў толькі старадаўні насценны гадзіннiк у татавым кабінеце. Ён мерна адстукваў усе секунды ночы, а на пачатку кожнай гадзіны адбіваў малаточкамі па металічных званочках вельмі прыгожую казачную мелодыю. Старадаўні гадзіннiк быў упэўнены, што ён самы, што ні на ёсць, чароўны. І з гэтым можна пагадзіцца. Бо, пражыўшы столькі гадоў, колькі пражыў ён, немагчыма не стаць чараўніком. Старадаўні гадзіннiк ведаў пра ўсё на свеце, у тым ліку і пра чараўніцтва, і быў упэўнены, што ў гэтую ноч у іх хаце абавязкова здарыцца цуд!
     Тым часам, перастаў ісці снег, і запанавала яшчэ большая цішыня. Недалёка ад хаты, у двары, быў заліты невялікi каток. На ім днём пасля ўрокаў коўзаліся на каньках дзеці. Па баках катка, нібы вартаўнiкi на пасту, стаялі вылепленыя дзецьмі снегавікі. Але цяпер, у такую бязветраную ціхую ноч, катку, здавалася, нічога не пагражала. І снегавікі спалі, злёгку пасапваючы ў сне ледзянымі насамі.
     Учора, прыйдучы са школы, дзеці ўпрыгожылі хлапушкамі і гірляндамі маленькія ялінкі, якія раслi ўздоўж дарожкі, што вяла ад брамкі да хаты. І ад таго іх двор адразу папрыгажэў. Напэўна, ён адчуў набліжэнне Каляд! І гэта адчулі ўсе: мама, тата, Пятрусь, Марылька і нават Джэк! Вядома, Каляды чакалі i вартаўнiкi катка, снегавікі, толькі яны нікому пра гэта не сказалі. Вось і цяпер, пасапваючы і рыпаючы ад задавальнення, яны бачылі цудоўныя сны. І хто ж той чараўнік, які сніўся ім? Вядома, гэта быў Санта-Клаўс!
     Так, так! Каляды – самае цудоўнае свята ў годзе! Яно прыносіць радасць усім, хто чакае яго! Чароўны гадзіннiк, які вісеў на сцяне ў татавым кабінеце, ведаў, што Санта-Клаўс цяпер не спіць. Ён развозіць падарункі дзецям і ніяк не можа забыцца пра Пятруся і Марыльку. Дзядуля абавязкова прывязе ім падарункі!
     Сапраўды, усё так і адбывалася. У гэтую ноч Санта-Клаўс аб'язджаў на сваёй аленевай запрэжцы гарады і мястэчкі, пакідаючы ў хатах падарункі дзецям. Яму дапамагалі маленькія, але вельмі шпаркія гномікі. Яны пранікалі ў хаты і клалі пад Ёлку ці ля каміна падарункі ад Санта-Клаўса.
     Але быў сярод гномаў адзін вельмі цікаўны гномік. Калі аленевая запрэжка пралятала над хатай, дзе жылі Пятрусь і Марылька, ён убачыў у двары бліскучы ледзяны каток. Цікаўнаму гноміку так захацелася пракаціцца па бліскучым лёдзе, што ён папрасiў Санта-Клаўса на некалькі хвілінак спусціцца на зямлю. Санта-Клаўс ведаў, што ў той хаце жывуць дзеці, і таму даў заданне гноміку непрыкметна аднесці малым падарункі, паабяцаўшы, што забярэ яго па дарозе назад. Гномік аднёс падарункі ў хату, а пасля таго адважыўся трошкі пакатацца на катку. Яму так спадабалася слізгаць па гладкім лёдзе, што ён ад задавальнення заспяваў сваю любiмую песеньку і выпадкова разбудзіў снегавікоў!
     Снегавікі адразу ж зразумелі, што гэта гномік Санта-Клаўса і разгаварыліся з ім:
     – Ведаеш, гномік, нашы дзеці, Пятрусь і Марылька, даўно мараць з'ездзіць на Каляды ў госці да Санта-Клаўса.
     – Калі так, Санта-Клаўс абавязкова запросіць іх да сябе, – адказаў гномік, весела ўсміхаючыся і пазвоньваючы маленькім званочкам. – Цяпер ён аб'язджае ўсе хаты, дзе жывуць дзеці, і пакідае ім падарункі да Каляд. Па дарозе назад Санта заедзе за мной, і тады я папрашу ў яго запрашальныя квіткі для паездкі на Каляды ў Лапландыю.
     Світала. Нарэшце, снегавікі пачулі звон срэбных званочкаў і ўбачылі ўдалечыні, як ляцяць па снезе санкі Санта-Клаўса, запрэжаныя прыгажунамі паўночнымі аленямі. А калі аленевая запрэжка параўнялася з хатай, маленькі гном зазвінеў сваім званочкам. Санкі спыніліся, і з іх выйшаў Санта-Клаўс. Ніколі ў жыцці снегавікам не даводзілася сустракацца з чараўніком! Яны з цікаўнасцю паглядалі на Дзядулю. І Санта-Клаўс глядзеў на іх, усміхаючыся і пагладжваючы доўгую сівую бараду.
     – Добрай раніцы! Як пажываеце? – спытаў ён снегавікоў.
     – Дзякуй. У нас усё добра. Надвор'е марознае, снежнае. І нам радасна ад таго, што набліжаецца самае цудоўнае свята ў годзе – Раство Хрыстова! – прамовілі снегавікі. – А вось нашы дзеці, Марыля і Пятрусь, мараць пабываць у вас, у Лапландыі.
     – Мараць? – усміхнуўся Санта-Клаўс. – Я з задавальненнем запрашу іх да сябе ў госці.
     Ён дастаў са свайго мяшка з падарункамі запрашальныя квіткі і аддаў іх гному. Гном тут жа пабег у хату, каб пакласці падарунак Санта-Клаўса пад Ёлку.
     – Перадайце дзецям, што я буду чакаць іх на Каляды! Няхай абавязкова прыязджаюць. Я пакажу ім паўночны заснежаны край, пакатаю ў санках па казачным лесе і пазнаёмлю з ляснымі гномамі. А цяпер нам пара ў дарогу. Ану, мае маленькія памочнiкi, садзіцеся ў санкі! – Санта-Клаўс паглядзеў на трох гномаў, якія ў той час, пакуль ён гутарыў са снегавікамі, ужо паспелі пакатацца на катку.
     Але толькі тады, калі чацвёрты маленькі гномік, які выконваў яго даручэнне, выбег з хаты і ўзлез у санкі, Дзядуля рвануў павады. Зазвінелі званочкі, і шпаркiя алені панеслі чароўныя санкі па іскрыстым снезе ў далячынь.
     Снегавікі доўга глядзелі ім услед. Звон заціх, і ў двары настала цішыня. Але зноў заснуць снегавікам ужо не давялося. Неўзабаве ў хаце ўсе прачнуліся, і пачаліся ранішнія зборы: дзеці збіраліся ў школу, бацькі – на працу.
     Старадаўні гадзіннiк ў татавым кабінеце мерна адстукваў кожную секунду і ўважліва прыслухоўваўся да таго, што рабiлася ў хаце. Яму было вельмі цікава, што далей адбудзецца! Ён жа бачыў у акне Санта-Клаўса, бачыў, як гномік клаў ля каміна падарункі, і як потым ён жа прынёс і паклаў каля Ёлкі запрашальныя квіткі.
     Пасля сняданку дзеці пачалі апранаць свой абутак і знайшлі ў iм падарункі ад Санта-Клаўса, а потым яшчэ пад Ёлкай – запрашальныя квіткі ў Лапландыю! Усеагульнай весялосці не было канца!
     – Ура! – цешыліся дзеці. – Мы паедзем у Лапландыю! Мы сустрэнемся з сапраўдным Санта-Клаўсам і пакатаемся з ім на аленях па ўсім паўночным лесе! Вось будзе выдатна!
     Уся хата радавалася разам з дзецьмі. Радаваўся старадаўні насценны гадзіннiк, радаваліся снегавікі, радаваўся Джэк, віляючы кудлатым хвастом, радаваліся мама і тата.
     Праз некалькі дзён скончылася вучоба ў школе, і пачаліся канiкулы. А ў запаветную гадзіну ўся сям'я адправілася ў вандраванне ў далёкую паўночную краіну Фінляндыю, каб адсвяткаваць надыход Каляд ў Лапландыі разам з Санта-Клаўсам.
     Гэтая паездка, напоўненая цудоўным чараўніцтвам Каляд, засталася ў памяці Марылькi і Пятруся на доўгія гады. І нават цяпер, праз шмат гадоў, стаўшы сталымі людзьмі, яны ўсё яшчэ ўспамінаюць яе.
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
28.12.12
Каталог TUT.BY Rambler's Top100