Баба-Яга на Ёлцы ў дзіцячым садзе - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Баба-Яга на Ёлцы ў дзіцячым садзе
Баба-Яга на Ёлцы ў дзіцячым садзе
У вялікім і густым лесе жыла Баба-Яга ў хатцы на курыных ножках. Доўга жыла яна на свеце і зусім састарэла. "Хутка памру я, – падумала яна, – а на навагоднім свяце так ні разу і не была і карагод з дзеткамі вакол Ёлкі не вадзіла". А трэба сказаць, што наша сучасная Баба-Яга была ўжо зусім не такая злая і шкодная, якой яе малююць у старых казках. Жыла яна, пажывала ў лесе ў сваёй хатцы мірна і ціха, нікога не чапала, на лапату не садзіла і ў печ не запіхвала, каб засмажыць на абед. Проста ёй аднойчы вельмі захацелася пабываць на самым цудоўным свяце ў годзе, навагоднім дзіцячым ранішніку. Вырашыла баба-Яга злятаць у горад і паглядзець, як там людзі рыхтуюцца да свята. Села яна ў сваю чароўную ступу і паляцела.      А ў горадзе быў позні вечар. Мамы і таты ўжо забралі дзяцей з дзіцячых садкоў. Ляціць Баба-Яга над горадам і бачыць, як унізе штосьці ярка свеціцца. Спусцілася яна ніжэй і зразумела, што гэта прыбраная ялінка зіхаціць і пераліваецца рознакаляровымі агеньчыкамі. Прызямлілася Баба-Яга, агледзелася. Бачыць, стаiць побач з ялінкай маленькая хатка, рознакаляровая з разным акенцам, вельмі падобная на яе лясную хатку, вось толькі не на курыных ножках. Зайшла Баба-Яга ў гэтую хатку, ступу сваю паставіла і думае: "Пачакаю тут, калі дзеці падыдуць да ялінкі карагод вадзіць, бо нездарма яны так яе прыбралі і нават агеньчыкі на галінках і верхавіне запалілі".
     Але, на жаль, Баба-Яга прыляцела несвоечасова. Дзеці з садка, у двары якога яна прызямлілася, ужо даўно разышліся па хатах. Чакала Баба-Яга дзяцей, чакала і, не дачакаўшыся, заснула.
     Назаўтра раніцай у двор прыйшоў дворнік, каб дарожкі ад снегу ачысціць, i ўбачыў, што ў цацачнай хатцы хтосьці сядзіць.
     – Хто Вы, бабуля, і што тут робіце? – пацiкавiўся ён.
     Здзівіўся дворнік, калі даведаўся, што сапраўдная Баба-Яга прыляцела з лесу паглядзець на навагодняе свята. Паабяцаў ён правесці яе ў залу, дзе ўжо была ўпрыгожана і чакала пачатка свята галоўная навагодняя Ёлка дзіцячага садка.
     – Але Вам, бабуля, прыйдзецца пачакаць, – адзначыў дворнік. – Свята пачнецца толькі а дванаццатай гадзіне дня.
     Баба-Яга на ўсё была згодна. Яна нават не выглядала з хаткі, каб не напалохаць дзетак, якіх бацькі вялі ў дзіцячы сад, а толькі крадком разглядала іх у акенца. "Якія дзецi прыбраныя і прыгожыя! Палячу ж я дахаты і перапрануся", – раптам вырашыла бабулька.
     У перадсвяточнай мітусні ніхто і не заўважыў, як Баба-Яга паднялася на ступе ў неба і накiравалася ў лес. Дома, у сваёй хатцы на курыных ножках, яна дастала з камоды самую лепшую і прыгожую сукенку і апранула яе. "Вось цяпер я такая ж прыбраная, як і дзеці", – усміхнулася Баба-Яга і паляцела назад.
     А ў дзіцячым садзе ўжо пачыналася свята. Усе дзеці пазбiраліся каля Ёлкі і чакалі Дзядулю Мароза са Снягуркай. Калі Баба-Яга падляцела да дзіцячага садка, то яна адразу ж заўважыла каля яго чацвёрку коней і санкі, з якіх выходзілі Дзед Мароз са Снягуркай. Дзядуля, паглядзеўшы на Бабу-Ягу, ніколькі не здзівіўся таму, што яна прыляцела ў дзіцячы сад. Ён павітаўся і гучна сказаў:
     – Вось і Баба-Яга завiтала на наша свята. Хадзем жа ўсё разам віншаваць дзетак з Новым годам!
     Толькі тады бабуля заўважыла вялікі мяшок з падарункамі ў яго руцэ. І хоць яна была самай сапраўднай Бабай-Ягой і не павінна нічога баяцца, вы не ўяўляеце, як расхвалявалася госця, упершыню патрапіўшы на такое цудоўнае дзіцячае свята!
     А дзеці ніколькі не спалохаліся, калі ўбачылі Бабу-Ягу. Яны пляскалі ў ладкі, скакалі, смяяліся ад захаплення, гледзячы на яе і Дзядулю Мароза са Снягуркай! Малышы краталі бабулю за сукенку і зусім, ні кропелькі, не баяліся!
     Увесь дзень Баба-Яга спявала і танцавала вакол Ёлкі, смяшыла дзяцей і весялілася разам з імі. І толькі познім вечарам вярнулася дахаты ў свой густы і непраходны лес.
     Цэлы год яна ўспамінала цудоўнае навагодняе свята ў дзіцячым садзе і распавядала пра яго свайму Кату і суседзям па лесе – старому Лесуну, чорнаму Крумкачу, Саве, Ваўку і Лісе. А ў лесе кажуць, што Баба-Яга збіраецца на навагодняе свята і ў надыходзячым годзе, таму што яе запрасілі дзеці з дзіцячага садка.
     
     p.s. ілюстрацыя да казкі мастачкі Анастасіі Балыш.
     
     Гэтая казка на рускай мове
26.12.12
Каталог TUT.BY Rambler's Top100