Нябесныя госцi на Ёлцы - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Нябесныя госцi на Ёлцы
Нябесныя госцi на Ёлцы
У вялікай зале на другім паверсе дзіцячага садка дзеці разам са сваёй выхавальніцай упрыгожвалі Ёлку. Ужо павесілі ўсе ёлачныя цацкі: блiскучыя рознакаляровыя шары, маленькіх звяркоў, клоунаў і птушачак, ліхтарыкі і шышачкi, хлапушкі і сняжынкі, прымацавалі цукеркі і мандарынкі. На пухнатых галінках Ёлкі пераліваўся дожджык, але не было самага галоўнага – зіхатлівых навагодніх лямпачак. Дакладней, яны ляжалі ў каробцы на стале. Але штосьці зламалася, і лямпачкі не жадалі загарацца. А адрамантаваць іх ніхто так і не змог.      Познiм вечарам усе разашліся па хатах. І ў дзіцячым садзе застаўся толькі адзін вартаўнік. Ён сядзеў на першым паверсе і, вядома, не бачыў таго, што рабiлася на другім паверсе, дзе стаяла ўпрыгожаная навагодняя Ёлка. А ў гэтую ноч там адбылося штосьці неверагоднае.
     Справа ў тым, што сярод дзіцячых цацак быў маленькі Паравозік. У той вечар трохгадовы Паўлiк цягаў яго за вяровачку па ўсім дзіцячым садзе і нават пракаціў вакол навагодняй Ёлкі. Паравозік выпадкова пачуў, што зламаліся і не жадаюць загарацца гірлянды з ёлачных лямпачак. Хоць Паравозік быў цацачным і без крылаў, але ён умеў лётаць. Вырашыў добры Паравозік паляцець на неба і запрасіць на навагоднюю Ёлку некалькі самых маленькіх нябесных Зорачак. Ён пасадзіў іх у свае вагончыкі і прывёз у дзіцячы садок. Маленькія Зорачкі самі зразумелі, як ім асвятліць прыгажуню Ёлку. Не, яны не спалілі яе зялёныя галінкі, а толькі павіслі на іх і, нібы сапраўдныя навагоднія лямпачкі, пачалі пералівацца рознакаляровымі агеньчыкамі.
     Раніцай, убачыўшы, як штосьці міргае і свеціцца на іх Ёлцы, дзеці вырашылі, што адрамантавалі гірлянды з навагодніх лямпачак. Калі яны падышлі бліжэй і разгледзелі ўсё, як мае быць, то зразумелі, што на галінках вісяць сапраўдныя нябесныя Зорачкі! Ні дзеці, ні іх бацькі, ні нават выхавальніца не ведалі, як нябесныя Зорачкі патрапілі на Ёлку!
     Цэлы дзень усе любаваліся цудоўнай навагодняй Ёлкай, на пухнатых зялёных галінках якой міргалі і пераліваліся рознымі колерамі сапраўдныя маленькія нябесныя Зорачкі! Скончылася свята, і дзеці разыйшліся па хатах. А назаўтра нябесных Зорачак на Ёлцы не аказалася. Для ўсіх: дзяцей і іх бацькоў, нават для выхавальніцы ўсё, што здарылася на ранiшнiке, так і засталося загадкай.
     Толькі адзін Паравозік усё ведаў, бо гэта ён ужо на наступную ноч пасля ранішніка сам адвёз зорачкі на неба, туды, адкуль іх і прывозіў. Як бы там ні было, а Зорачкі – нябесныя стварэнні, і ім нельга было доўга затрымоўвацца на Зямлі.
     
     p.s. ілюстрацыя да казкі мастачкі Анастасіі Балыш.
     
     Гэтая казка на рускай мове
21.12.12
Каталог TUT.BY Rambler's Top100