Падарожжа ў зімовую казку - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Падарожжа ў зімовую казку
Падарожжа ў зімовую казку
Была халодная зімовая ноч. Але хуткі цягнік імчаўся наперад, рассякаючы цемру на дзве палавiнкі. "Тук-тук, тук-тук, тук-тук!" – бойка стукалі колы па рэйкам, а вагоны плаўна хісталіся з боку ў бок – туды-сюды, туды-сюды, туды-сюды.      Пасажыры цягніка ўжо спалі. У пятым купэйным вагоне на дзявятым месцы ехала Марыйка. У гэты момант яна не спала, а толькі драмала і чула ўсё, што адбывалася навокал. Яна чула, як па калідоры вагона хадзілі праваднiкі і ціхенька пра нешта размаўлялі, як стукалі колы і гудзеў сігнальны гудок цягніка. Марыйка не бачыла толькі асляпляльнага святла вялікага пражэктара, якім машыніст асвятляў свой пуць.
     Дзяўчынка ехала з мамай у госці ў вялікі незнаёмы горад, дзе жылі мамiны сябры, сустракаць Новы год. Днём, калі Марыйка хадзіла па калідоры вагона, разглядаючы ў вокны цудоўны зімовы лес, абсыпаны белымі іскрыстымі сняжынкамі, яна з захапленнем заўважыла, што ўсё гэта вельмі падобна на зімовую казку. Беласнежныя елкі, хвоі, бярозкі, рабiны мільгалі і мільгалі за вокнамі. А дзяўчынцы здавалася, што гэта зусім не дрэвы, а чароўныя ўзоры, намаляваныя на велізарнай карціне срэбнымі фарбамі. "Я патрапіла ў казку!" – здагадалася яна. Тое, што цягнік не просты, а казачны, Марыйка зразумела нават па тым, як праваднiк, праходзячы міма, загадкава ўсміхнуўся, паглядзеўшы на яе.
     Насупраць купэ, у якім ехала Марыйка, вісела старадаўняя карціна. Дзяўчынка разгледзела, што карцiна зроблена з серабрыстай саломкі. На ёй быў намаляваны срэбны замак з трыма вежамі. Ля сярэдніх варот замка стаяў рыцар у срэбных даспехах з мячом у руцэ. У версе, над варотамі, на кані сядзеў вершнік у даспехах з мячом і шчытом. "Гэта ахоўнікі", – зразумела Марыйка. Аднак зазірнуць унутр казачнага замка было немагчыма.
     А цяпер, уначы, Марыйка драмала на сваёй паліцы ў купэ і не падазравала, што побач з ёй у тым казачным замку ўжо вельмі даўно спіць зачараваная прынцэса. І ніхто не здагадваецца пра тое. Вызваліць ад чар прынцэсу зможа толькі той чалавек, хто разгадае яе таямніцу. А гэта адбудзецца яшчэ не хутка.
     Праз шмат гадоў Марыйка вырасце, у яе народзяцца дзеці, а потым і ўнукі. Людзі будучыні будуць настолькі разумныя, што змогуць разгадваць таямніцы чараўнікоў, якія жылі ў даўнія часы. Адзін з гэтых людзей будучыні вызваліць ад чар прынцэсу. Яна выйдзе з казачнага замка і ператворыцца ў звычайную дзяўчынку, а можа быць і не ў звычайную...
     
     Вядома, цяпер цяжка сказаць, якім будзе жыццё потым. Але, несумненна, што ў будучыні ў жыцці людзей часам будзе адбывацца штосьці дзіўнае і казачнае.
     
     p.s. Герб горада Магілёва на пано ў купэйным вагоне цягніка Мiнск-Магілёў. Фота аўтара казкі. 2004 г.
     
     
     p.s. казку чытае Ліка Пташук (2 варыянт Тамара Вятская)
     
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
17.12.12
Каталог TUT.BY Rambler's Top100