Антошкiны снегавiкi - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Антошкiны снегавiкi
Антошкiны снегавiкi
Набліжаўся Новы год. Усе людзі, дарослыя і дзеці, рыхтаваліся да сустрэчы з ім. Хтосьці ўпрыгожваў Ёлку, хтосьці дашываў свой маскарадны касцюм.      Антошка разам з мамай выпякаў пірожныя для святочнага стала. Яго мама была вялікай майстрыхай. У яе атрымліваліся вельмі смачныя пірожныя, якія літаральна раставалі ў роце. Таму хлопчык з нецярпеннем чакаў, калі ж хоць адно пірожнае выйдзе на святло з духоўкі на кухні.
     І вось мама выняла бляху – а там не пірожныя, а нейкі цуд – сапраўдныя снегавiчкi, але толькі … не са снега. Антошка дакрануўся да доўгага чырвонага носіка аднаго з іх і асцярожна ўзяў пірожнае ў руку. У хлопчыка пацяклі слінкі, і ён нават не заўважыў, як гэты "салодкі цуд" апынуўся ў яго ў роце і хутка-хутка растаў, хаця ён быў і не са снегу!
     – Як смачна! – услых прамовіў Антошка. – Мама! У цябе самыя лепшыя пірожныя ў свеце!
     – Дзякуй, сынок. Калі падабаюцца, то еш іх на здароўе, – адказала яму мама.
     Але Антошка не збіраўся больш есці такіх прыгажуноў. Бо, хоць яны і салодкія, але ўсе ж вельмі падобныя на сапраўдных маленькіх снегавiчкоў.
     Хлопчык паднёс каробку з пірожнымі да акна і паставіў яе на падаконнік. Антошка і не заўважыў, як снегавiчкi раптам ўсе разам павярнуліся і з цікаўнасцю ўткнуліся сваімі доўгімі насамі ў акно.
     А за акном ужо усё сцішылася ў чаканні Новага года! Ён прыйдзе, абавязкова прыйдзе!
     – Як дрэнна, што яшчэ няма снегу! – думаў хлопчык. – На Новы год абавязкова павінен быць снег!
     Антошка паглядзеў на чырвоныя насы салодкiх снегавiчкоў і ўсміхнуўся. Ён так задумаўся, што і не заўважыў, як мама паклікала яго да святочнага стала, таму што па тэлевізары ўжо пачалі бiць Крамлёўскія куранты!
     – Раз, два, тры, чатыры….!
     Хлопчык глядзеў у цемру на пустую лаўку ля акна яго кватэры і думаў пра тое, як добра было б, калі б і лаўка, і зямля наўкол яго хаты паўкрывалiся мяккім белым дываном са снега. Без яго Новы год зусім не адчуваецца. Тут Антошка выпадкова зірнуў угару і заўважыў, як па небе нешта пранеслася і хутка спынілася.
     Хлопчык прыгледзеўся: у цемры свяціліся белым прамяністым святлом пазапраганыя ў адну запрэжку белагрывыя коні, а ў санках стаяў малады хлопец і глядзеў на яго.
     – Прывiтанне, Антон! – крыкнуў ён. – Ты не пазнаў мяне? Я – Новы год. Скажы, што гэта за снегавiчкi ў цябе на падаконніку? І як яны туды патрапілі? Я ўсяго толькі паўгадзіны назад разбудзіў гэтую соню – Зіму. Яна быццам і не збіралася ўкрываць зямлю снегам. Але я ёй строга наказаў зрабіць гэта зараз жа! Так што не сумуй, хутка Зіма будзе тут!
     – Гэта салодкія пірожныя, – адказваў Новаму году Антошка. – Але я не стану есцi снегавiчков, хоць іх спякла мая мама да свята. Яны вельмi падобныя на сапраўдных, са снегу! Ці праўда?
     Кажучы гэта, хлопчык і не заўважыў, як Новы год ужо панёсся далей па небе ў сваіх дзіўных хуткіх санках.
     Прайшло паўгадзіны, і на зямлю паваліў снег, які ўмомант афарбаваў у белы колер усё – машыны, лаўкі, тратуар каля хаты, дзе жыў Антон.
     – Ура! – закрычаў хлопчык.
     – Мама! Выпаў снег! Заўтра я зляплю сапраўднага снежнага снегавіка!
     Назаўтра, раніцай, Антон прачнуўся, цёпла апрануўся і выскачыў з хаты. Неўзабаве на лаўцы перад акном яго кватэры стаяў сапраўдны снегавік, вылеплены ім з першага снегу. Гэты снегавік быў намнога вышэй маленькіх салодкіх снегавічкоў і замест носа ў яго была морква. Але, калі прыгледзецца, то можна было заўважыць, што снегавік са снегу і снегавiчкi з салодкага цеста вельмі падобныя – і тыя, і другiя асляпляльна белыя з доўгімі чырвонымі насамі.
     – Ты што, – разам спыталі снегавiчкi ў сапраўднага снежнага снегавіка, – таксама салодкі, як і мы?
     – Не, – адказваў снегавік. – Я не салодкі, але я намнога большы за вас. Напэўна, я ваш старэйшы брат…
     Аднекуль прыляцела сiнiчка. Яна палётала каля вялікага снегавіка, разгледзела маленькіх у акне і таксама вырашыла, што ўсе яны браты, таму што ўжо вельмі падобныя адзін на аднаго.
     І, вядома, усё было менавіта так. Снегавікі часцей за ўсё нараджаюцца на свет перад Новым годам. На іх глядзяць дзеці і дарослыя, і ўсе ўсміхаюцца. Таму што снегавікі, якія б яны ні былі – салодкія ці са снегу, дастаўляюць нам радасць ад адчування надыходу сапраўднай снежнай зімы і Новага года!
     
     p.s. ілюстрацыя да казкі мастачкі Анастасіі Балыш.
     
     Гэтая казка на рускай мове
12.12.12
Каталог TUT.BY Rambler's Top100