Жыццё ў лесе - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Жыццё ў лесе
Жыццё ў лесе
     
     Прадмова да кнігі.
     
Зіма накрыла ўсю зямлю тоўстым беласнежным покрывам, а дзе-нідзе нават намяла снежныя гурбы па пояс. Стаiць заснежаны лес і не можа паварушыцца, таму што пухнатыя белыя шапкі на галінках елак і хвой зледзянелі і застылі. Малыя ялінкі і сасёнкі, наогул, па верхавіну схавалiся пад снег!      Што ж рабіць у такую пару? Спаць ды і толькі. Вось і спіць увесь чорна-белы лес. І ў такой цішыні толькі шызы туман сцелецца па захутаным у снег палям і лугам.
     У дуплах тоўстых дрэў спяць вавёрачкі, у норках пад снегам − мышкі і краты, зайцы і вожыкі. Часам, прачнуўшыся ненадоўга, хто-небудзь са звяркоў высуне мордачку на святло, каб паглядзець, ці не прыйшла вясна. Удыхнуўшы халоднае марознае паветра, ён ізноў хаваецца ў сваю цёплую схаваную пад тоўстым пластом снегу зімовую хатку.
     Непрыкметна бяжыць час. І вось ужо часцей і часцей сонечныя прамяні прабіваюцца скрозь шэрыя хмары, азараючы яркім святлом зімовы лес. І тады ўвесь снег на дрэвах і зямлі ззяе перламутрам і пачынае патроху раставаць. З кожным днём сонца прыгравае мацней. Не паспееш азiрнуцца, а ўжо то тут, то там па лясных сцяжынках пабеглі тоненькія струменьчыкі з адталага снегу. Расталі шапкі на дрэвах, на зямлі з'явіліся вялікія праталіны, на якіх выраслі лясныя пралескі. Вавёрачкі, вожыкі, мышкі, зайчыкі, адчуўшы сонечнае цяпло, прачнуліся і вылезлі са сваіх норак.
     Лес патроху адышоў ад зімовай спячкі і загудзеў. Спачатку прачнуліся мушкі і жучкі, потым пчолкі і чмялі. Неўзабаве ў лесе з'явіліся першыя пералётныя птушкі. Звон іх чыстых галасоў паляцеў ва ўсе бакі лесу і напоўніў яго радасцю. А радасць вялікая – прыйшла вясна!
     Вясна прынесла лесу яркія фарбы. Лугі зазелянелі і афарбавалiся ва ўсе колеры вясёлкі. Колькі на іх вырасла яркіх цудоўных кветак – не злічыць. А як прыемна яны пахнуць!
     Следам за вясной надышло лета. Яно падарыла лесу духмяныя ягады суніц, чарніц, дурніц, малін і ажын. Як жа добра ўлетку ў лесе! І хораша, і цёпла, і сытна. Ніхто з птушак і звяркоў не застаецца без ежы. Вось ім арэхі, вось грыбы і ягады, вось капуста ды шчаўe. Цешацца птушкі – песні спяваюць, цешацца звяркі – бегаюць, скачуць па лесе, цешацца мошкі і жучкі, пчолкі і мурашкі, конікі і светлячкі – шумяць, гудуць, цвыркаюць!
     Але і ўсім любаму лету прыходзіць час ўступіць месца іншай найменш цёплай і прыемнай пары года – восенi. Увосень сонца ўжо не так пячэ. Ночы становяцца даўжэй і халадней, а дні – карацей.
     Птушкі, падгадаваўшы птушанят, збіраюцца ў вялікія чароды, каб адправіцца ў палёт да цёплага паўднёвага краю Зямлі. Паступова лес пусцее і зноў апускаецца ў цішыню. Не чуваць звонкіх і вясёлых галасоў пералётных птушак. Толькі зрэдку зазвініць сiнiца, альбо каркне варона. А лясныя звяркі працуюць з усяе силы. Яны спяшаюцца назапасіцца ежай на доўгую і халодную зіму – збіраюць шышкi, грыбы, арэхі і складаюць іх у свае сховішчы.
     Кветкі на лясных палянах звялі, пажоўклае лісце абсыпалася з галін дрэў і ўкрыла зямлю шапаткім дываном. Мушкі, мурашкі схаваліся пад лісце і заснулі. Ды і звяркі ўжо не так часта выбягаюць са сваіх утульных норак. Холадна, зябка, сыра, дажджліва ў лесе. Неба зноў зацягваюць шэрыя хмары, і лёгкі восеньскі мароз падмарожвае зямлю…
     Вось і прайшоў год жыцця ў лесе. Зіма змянілася вясной, вясна – летам, лета – восенню, і зноў надыходзiць зіма. Якая яна будзе сёлета? А можа і снегу зусім мала выпадзе? Але лес усё роўна збярэ яго і захавае пад дрэвамі і кустамі да самай вясны. Снег атуліць норкі лясных звяркоў, карані дрэў і выратуе іх ад марозу.
     
     Гэтае апавяданне на рускай мове
26.11.12
Каталог TUT.BY Rambler's Top100