Восень - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Восень
Восень
     
     У лес завітала восень. Наступныя казкі прысвячаюцца ВОСЕНЬСКАМУ ЛЕСУ.
     
Цэлыя тры месяцы дзяўчына Лета гуляла па лесе. З ёй пасябравалі літаральна ўсе: звяркі і птушкі, дрэвы, кусты, кветкі, матылькі і жучкі. З дзяўчынай Лета было так добра і цёпла, весела і цікава! Яна дарыла лугавым кветкам яркія і далікатныя фарбы, лясным ягадам – цудоўны водар. А колькі звонкіх песень яна склала для птушак, ад іх атрымліваў асалоду ўвесь лес!      Але вось прайшлі тры месяцы – чэрвень, ліпень, жнівень. І ўвечар трыццаць першага жніўня дзяўчына Лета, памахаўшы ўсім на развітанне, пайшла кудысьці ў іншыя мясцовасці. І адразу ўслед за ёю невядома адкуль прыляцелi халодныя вятры, а на дрэвах з'явіліся першыя жоўтыя лістікі.
     Цеплалюбiвыя птушачкі занепакоіліся: – Холадна!
     – Трэба хутчэй адлятаць у вырай! – разважалі важакі птушыных чарод.
     Заплакалі кветкі, схіліўшы свае галоўкі. Яны ведалі, што хутка зусім змерзнуць. Дрэвы засумавалі, гледзячы, як з іх галін злятае на зямлю пажоўклае лісце. Лясныя звяркі зусім разгубіліся. Што зараз будзе?
     Надышоў першы дзень восені – першае верасня. Раніцай усе ў лесе ўбачылі, як да іх праз поле ідзе ўжо зусім iншая дзяўчына з разумнымі, але трошкі сумнымі вачамі.
     – Гэта Восень, – прашапталі дрэвы.
     – Так, гэта яна! – пацвердзіла трава, і зразумелi кветкі.
     – Што ж вы засумавалі? – спытала Восень, з усмешкай гледзячы на ўсіх. – Не бойцеся! Усё будзе добра. Толькі жыхарам лесу трэба як след падрыхтавацца да прыходу халадоў.
     Вам, трава і кветкі, дапаможа лісце, якое ападае з дрэў. Яно накрые вашы карэньчыкі і абаронiць іх ад зімовых маразоў дзеля таго, каб увесну вы змаглі зноў расцвiсцi.
     А вы, вераб'і і сініцы, галкі і вароны, таксама не хвалюйцеся. Я вам прыгатавала да зімы ежу. Паглядзіце на гэтыя ягады шыпшыны і рабiны. Яны для вас!
     Малышы: вожыкі, мышкі і вавёрачкі, чаму разгубіліся? Шукайце ў лесе грыбы, арэхі і яблыкі, а ў полі – зярняткі. Рабіце для сябе запасы на халодную і галодную зіму. Тады вы яе не будзеце баяцца.
     Дрэвы і кусты, не плачце! Усе лісцікі, якія вы страціце цяпер, вясною зноў вырастуць з вашых покавак. Толькі не страцце запасы жывіцы, што цячэ па ствалах. Яна – ваша харчаванне на доўгую зіму.
     А вы, нашы дарагія пеўчыя птушкі! Вам не ўсцерагчыся тут ад халадоў. Таму ляціце на Поўдзень. Вы перазімуеце там, а вясною, калі пацяплее, вернецеся да нас. Мы вас будзем чакаць з нецярпеннем!
     
     Пасля такіх бадзёрых слоў залатакудрай Восені ўвесь лес павесялеў, зашумеў, загудзеў у рабоце. А пеўчыя птушкі, абмеркаваўшы планы пералёту і добра адпачыўшы, сабраліся ў далёкае вандраванне.
     І вось ужо на досвiтку да Поўдня пацягнуліся чароды пералётных птушак. А дзяўчына Восень, выпраўляючы іх, глядзела iм услед і жадала шчаслiвай дарогi.
     
     p.s. Казку чытае Ліка Пташук
     
     Гэтая казка на рускай мове
16.11.12
Каталог TUT.BY Rambler's Top100