Божая Кароўка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Божая Кароўка
Божая Кароўка
Паслала неяк улетку мама-Мыш сваю маленькую дачушку, прыгожанькую шэранькую Мышку з вялікімі зялёнымі вачамі і доўгім хвосцікам, на знаёмую ім абедзвюм сонечную палянку ў лесе збіраць суніцы. Ух, і духмяныя ж гэтыя ягады! Ад такой смачніны па ўсёй акрузе ішоў дух нібы з цукерачнай фабрыкі.      Хутка сабрала спрытная Мышка-малышка цэлы кошык ягад і дахаты бегчы сабралася. Ды загледзелася на нейкую вельмі ўжо цікавую Сунiчку, якая перапаўзала з лісціка на лісцік.
     – Ты што, Сунiчка, умееш хадзіць? – спытала Мышка.
     – Я не Сунiчка, я Божая Кароўка, – адказала незвычайная Сунiчка. – А яшчэ я ўмею лётаць.
     Тут загадкавая Сунiчка распушыла свае чырвоныя ў чорную крапінку крылцы і ўзнялася ў неба.
     – Гэта зусім не Сунiчка, а Жучок, – растлумачыў Вусень, спаўзаючы з лісціка ўніз.
     – Якая ж ты прыгожая, Божая Кароўка! – крыкнула Мышка, гледзячы ў неба. – Я хачу з табой сябраваць. Прылятай да мяне ў госці!
     – Добра! Прылячу! Жу-жу-жу! – адказала Божая Кароўка і, моцна гудучы, нібы вялікі хрушч, панеслася ў неба.
     Назаўтра раніцай не паспела Мышка расплюшчыць вочкі і ўстаць са сваёй пасцелькi, як ізноў пачула ля сваёй норкі моцнае гудзенне.
     Гэта Божая Кароўка клікала яе:
     – Жу-жу-жу! – будзіла яна Мышку. – Уставай, соня! Паглядзі, ужо сонейка высока ў небе.
     – Прывітанне! – адказала ёй Мышка, высунуўшы з норкi на сонечнае святло спачатку доўгі хвосцік, i толькi потым – свой носік і вочкі. – Пойдзем зноў на тую сунiчную палянку. Я збяру яшчэ суніц. Яны такія смачныя! – прапанавала Мышка.
     – У нашым лесе шмат сунiчных палянак. Я пакажу табе другую. На ёй таксама вельмі многа чырвоных саспелых суніц, – параіла Божая Кароўка і павяла Мышку зусім ў іншы бок.
     Другая сунiчная паляна аказалася большай за першай. Яна была цалкам абсыпана смачнымі пахкімі суніцамі. Наеўшыся ўволю і сабраўшы поўны кошык ягад для сваёй матулi, задаволеная Мышка ўцякла дахаты, паспеўшы найграцца і нагаманіцца з новай сяброўкай. Божая Кароўка расказала ёй пра неба, пра розных жучкоў, мушак, стракоз, пчолак і нават чмялёў, якіх яна сустракала, лётаючы ў небе, як сапраўдны маленькі ярка-чырвоны ў чорную крапінку самалёцік.
     – Я не ем суніцы, – растлумачыла Божая Кароўка, – але я лячу іх лісцікі ад тлі.
     – Значыць, ты лясны лекар! – здагадалася Мышка.
     Ёй было вельмi прыемна, што цяпер у яе ёсць такая цікавая сяброўка.
     
     p.s. ілюстрацыя да казкі беларускай мастачкі Анастасіі Балыш
     
     Гэтая казка на рускай мове
4.11.12
Каталог TUT.BY Rambler's Top100