Сэрца зямлi маёй - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Сэрца зямлi маёй
Сэрца зямлi маёй
     Калі што і ёсць у свеце вечнае
     Непадуладнае бегу дзён,
     Ты спытай мяне, i скажу табе я:
     - Гэта сэрца зямлі маёй.
     Песня.
     
Тонкі праменьчык ранішняга сонца ледзь-ледзь дакрануўся да ствала белай бярозкі, стараючыся сагрэць яе сэрцайка, азяблае ад начнога холаду ранняй вясны. Адчуўшы ласку і цяпло сонечнага святла, бярозка страпянулася, зашалясцела празрыстымі светла-зялёнымі лісточкамі, як бы страсаючы з іх рэшткі ранішняй вільгаці. Усё дрэўца ад верхавіны да каранёў напаўнiлася цяплом сонечных прамянёў і салодкім сокам роднай зямлі.      "Якія ж прыгожыя ў нас бярозы!" – падумаў прахожы, iдучы па сцяжынцы ўздоўж берага ракі i гледзячы на яркі, нібы вытканы з малюсенькіх залатых іскрынак сонца, убор маладой бярозкі. Ён абняў яе ствол, дакрануўся да ліпкіх лісточкаў, і на сэрцы ў яго стала лёгка і радасна.
     А ўдалечыні на другім беразе ракі зацвітала вішня. На яе галінах з ледзь трэснутых покавак ужо з'явіліся на свет сотні беласнежных кветак. Яны распускалі свае пялёсткi, з якіх выглядвалі тоненькія тычынкі. Дапытлівыя і адважныя, як дзеці, тычынкі накіроўваліся ўгару да сонца, імкнучыся насычыцца і надыхацца прыгажосцю яшчэ незнаёмага ім дзіўнага свету. I калі ўважліва прыгледзецца, то можна было ўбачыць, як на кончыку кожнай тычынкі, не стамляючыся, б'ецца і б'ецца самае маленькае зямное сэрцайка.
     
     
     Гэты аповед на рускай мове
20.02.12
Каталог TUT.BY Rambler's Top100