Мелодыя далёкiх зорак (казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Мелодыя  далёкiх зорак (казка)
Мелодыя далёкiх зорак (казка)
     
     I пачую зноў голас твой.
     Знай, мая любоў, я з табой.
     Я з табой, а ты са мною,
     Як дзве зорачкi ў адной.
     Песня. (сл. Н. Гілевіч)
     
Па зямлі хадзіў Пясняр. Ён спяваў свае песні людзям, дрэвам, небу, сонцу і аблокам. Голас у яго быў пяшчотны ласкавы і вельмі звонкі, а словы песень услаўлялі дабрыню і каханне.      Шмат дзён хадзіў Пясняр па сцяжынках і дарогах, заходзіў у розныя гарады і сёлы. Людзі палюбiлі Песняра. Толькі адзін раз пачуўшы яго голас, яны ўжо чакалі новых сустрэч з ім. Усе хвалілі Песняра, але ніхто не ведаў нічога пра яго жыццё, нiхто не турбаваўся пра тое, дзе яго хата, і як ён жыве ў сваіх бясконцых падарожжах, што есць, што п'е.
     Усё гэта бачыў Пясняр, але ён не быў у крыўдзе на людзей, а разумеў, што ў іх шмат сваіх клопатаў, а на яго яны глядзяць толькі як на прыемную забаву.
     Шмат гадоў Пясняр жыў зусім адзін. У яго даўно памерлі бацькі, а добрую жонку сабе ён ніяк не мог знайсці. Хоць і сустракаліся на яго шляху маладыя прыгожыя дзяўчыны, ён не мог нікога з іх падабраць сабе па душы. Магчыма, ён шукаў сапраўднае каханне?Так ці інакш, але хадзіў бы Пясняр адзін па зямлі, забаўляючы людзей, калі б у яго жыцці не здарылася вельмі важная лёсавызначальная падзея.
     Аднойчы ўвечар, седзячы на беразе ракі і паціху напяваючы сваю любiмую песню, Пясняр не заўважыў, як з нябёсаў у ваду ўпала зорачка і звярнулася маладой прыгожай дзяўчынай. Дзяўчына выйшла з вады. На ёй была сукенка са мноствам перламутравых блішчынак, якія пераліваліся ад святла месяца мільёнамi розных колераў і адценняў. У такім уборы дзяўчына была падобная на самую сапраўдную зорачку.
     Яна падышла да Песняра, які тым часам iграў на сваіх гуслях прыгожую быццам нейкую незямную мелодыю, і пачала падпяваць яму. Вядома ж, Пясняр не зразумеў, што яго слухае нябесная зорачка. Прайшло каля паўгадзіны, і дзяўчына паціху адышла ад яго ў бок. Яна ведала, што хутка за ёй пашле неба. Але голас Песняра і яго песня так спадабаліся зорачцы, што яна ўжо не захацела пакідаць Песняра. Дзяўчына прызналася, што вельмі моцна пакахала яго самога і яго чароўную музыку, а таму, што яна сапраўдная зорачка, ёй хутка трэба ляцець на неба. Вельмі хацелася б, каб і ён паляцеў разам з ёй. Пясняр слухаў зорачку і паступова ўлюбляўся ў яе. Яму падабалася яе тонкая і гнуткая постаць, мяккі голас зачароўваў. Раптам Пясняр на імгненне забыўся пра ўсё на свеце і ў запалу ўзяў зорачку за руку. А яна тут жа прыцягнула яго да сябе і звярнуўшыся цудоўнай зорачкай, панесла за сабой у нябёсы.
     З той пары ў ціхую бясхмарную ноч, калі ўважліва паглядзець у зорнае неба і прыслухацца, то можна пачуць ціхую далікатную мелодыю, якая даносіцца з аднаго боку неба, і ўбачыць там сілуэты дзвюх закаханых зорачак, якiя ярка зіхацяць і міргаюць у цемры ночы...
     
     Гэтая казка на рускай мове
4.01.12
Каталог TUT.BY Rambler's Top100