Мiлая мая бярозка (апавяданне) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Мiлая мая бярозка (апавяданне)
Мiлая мая бярозка (апавяданне)
Калі вясною покаўкі ў бярозкі набрыняюць, а ствол перапаўняецца празрыстым і чыстым як сляза сокам, дрэва ажывае, і маладзенькія лісточкі, якія выглянулі з покавак, радасна глядзяць на свет, быццам кураняты, што вылупіліся з яек. Яны хутка растуць, шамацяць і нясмела трапечуць, пазiраючы вакол сябе – такія маладзенькія, ліпкія, пахкія. Белая бярозка ў гэты час выглядае незвычайнай прыгажуняй, нібы стройная дзяўчына ў зялёным бліскучым шаўковым уборы. Ёй прыемна дыхаць свежым вясновым паветрам, сагравацца ў цёплых прамянях яркага сонейка, спаталяць смагу халаднаватай вільгаццю зямлі і са задавальненнем слухаць радасны спеў птушак, якія вярнуліся з поўдня на родную зямлю.      Але вось ужо лісце ў бярозкі выраслі, абветрыліся і пацямнелі, насычыўшыся сонечным святлом і цяплом, яе вясновыя “завушніцы” абсыпаліся. Улетку бярозка падобная на сталую жанчыну, якая спазнала ўсё хараство жыцця. Яна умываецца пад струменямі моцных ліўняў і навальніц, трохі пакутуе ад гарачых сонечных прамянёў. Аднак гэта не бяда, бо цяпер лета, i таму ёй цёпла і добра. Жыццё бярозкі ў гэтую пару года мернае і спакойнае.
     Непрыкметна надыходзіць восень. Пачынаюцца халады і знясільваючыя восеньскія дажджы. Бедная бярозка ўжо не падобная на нядаўнюю прыгажуню. Вецер абтрапаў яе галінкі-косы, сарваў пажоўклае лісце, дождж прамачыў ледзяной вадой яе тонкую гнуткую постаць…
     Такая крохкая на выгляд, белая бярозка вытрымае і восеньскі дождж і зімовы мароз. Яна жывучая і цярплівая, таму з жалезным спакоем будзе чакаць вясну, бачыць яе ў сваіх доўгіх зімовых снах і абавязкова дачакаецца цяпла, каб ізноў ажыць і ўсцешыцца незвычайна цудоўным жыццём на Зямлі.
     
     p.s. Бярозка ля Камсамольскага возера. Фота аўтара.
     
     Гэты аповед на рускай мове
5.12.11
Каталог TUT.BY Rambler's Top100