Дзіўная сустрэча Вясны з Зімой ў Белавежскай пушчы (чытае аўтар) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дзіўная сустрэча Вясны з Зімой ў Белавежскай пушчы (чытае аўтар)
Дзіўная сустрэча Вясны з Зімой ў Белавежскай пушчы (чытае аўтар)
У Белавежскай пушчы, так завуць стары векавы лес на захадзе Беларусі, узімку часта бушуе лютая завея, дзьмуць ледзяныя вятры. У гэтую пару года ўсе дрэвы і зямля ў лесе пазасыпаны белым снегам. І здаецца, што ніхто там не жыве. Але гэта не так. У Белавежскай пушчы жывуць бурыя мядзведзі і ваўкі, рысі і лісы, вожыкі і мышы, вавёркі і зайцы, алені, ласі, дзікі і барсукі, нават велізарныя зубры. Шматлікія лясныя звяркі з прыходам вельмі халоднай зімы змяняюць свае летнія кажушкі на цяплейшыя зімовыя. Ваўкі, лісы, мядзведзі, зайцы абрастаюць шчыльным мехам, які сагравае іх у зімовую сцюжу. Кажушкі некаторых звяроў святлеюць, гэта дапамагае ім маскіравацца, станавіцца незаўважнымі на белым снезе. Зайцы і нават вавёрачкі ўзімку становяцца бела-шэрага колеру.      Шмат хто са звяроў зімуе пад снегам у цёплых хатках-норках і жыве там да вясны. У гэты час зімой звяры гадуюць сваіх нядаўна народжаных дзетак. Так робяць краты, вожыкі і мышы, нават вялікія бурыя мядзведзі ўсю зіму спяць з медзведзянятамі ў бярлогах пад тоўстым пластом снега. У цёплых дуплах на дрэвах зімуюць са сваімі дзеткамі вавёркі, куніцы. У такіх зімовых хатках іх малышам цёпла і ўтульна, можна доўга-доўга спаць, уткнуўшыся носікамі ў матулін жывоцік…
     
     Неяк пасярод беласнежнай і марознай Зімы ярка-зялёная і цёплая Вясна выпадкова зазірнула ў гэты векавы лес і самлела ад яго казачнай прыгажосці! Перад ёй стаялі некранутыя нікім за доўгія гады свайго жыцця бярозы і рабіны, ясені, клёны і асіны, хвоі, елі і, вядома ж, дубы. На заснежанай паляне рос таўшчэзны волат Дуб-Дубовіч. Так, інакш яго і нельга было назваць, бо гэта быў такі старажытны дуб, што ніхто нават не змог бы сабе ўявіць, колькі ўсяго пабачыў ён на сваім веку.
     Вясна выпадкова сустрэла ў старадаўнім лесе Дзядулю Мароза, убачыла яго цудоўную ледзяную хату, а перад хатай вельмі высокую пухнатую елку, усю да самай верхавіны абсыпаную крыштальнымі сняжынкамі.
     Маладая Вясна ніколі не бачыла нічога падобнага. Вярнуўшыся ў сваю веснавую хату, яна падумала, што неяк нядобра пазбаўляць усіх жыхароў леса і людзей, якія часам наведваюць Белавежскую пушчу, такой чароўнай беласнежнай зімовай казкі. Таму чараўніца Вясна вырашыла не прыспешваць Зіму пакідаць гэтыя дзіўныя мясціны. А калі наступілі сакавіцкія дзянькі, і ўсе, хто жыў у лесе, пачалі думаць пра вясновае цяпло, сама Вясна, нажаль, не спяшалася ўступаць у свае правы, баючыся разбурыць тую прыгажосць, якую яна ўбачыла ў Белавежскай пушчы. Але дрэвы, гэтак жа як птушкі і звяры, якія зімавалі ў лесе, нават людзі, ужо парадкам нацярпеўшыся зімовых халадоў, сталі гучна і настойліва прасіць Вясну прыйсці да іх і хутчэй адагрэць зямлю і расліны.
     Аднак толькі пасля доўгіх угаворванняў Вясна вырашылася і ступіла на зямлю, скаваную льдамі і накрытую тоўстымі пластамі снегу. Чараўніцы Вясне прыйшлося парадкам папрацаваць, каб вызваліць ад снегу ўвесь лес і ад лёду ваду Белай ракі. Але вось ужо пабеглі ручайкі адталай вады, адаграваюцца дрэвы, а на сагрэтай сонцам паляне ў векавым лесе адпачываюць вялікія чароды жураўлёў, якія вяртаюцца з паўднёвых краёў у свае леташнія хаты.
     Уся зямля ўсцешылася прыходу Вясны. Лес напоўніўся водарамі першых кветак, яркай зелёнай травы і далікатных лісточкаў . У паветры закруціліся пчолкі і матылькі, зазвінелі галасы птушак. Вось і наш волат, стары Дуб-Дубовіч, у каторы раз сустрэў Вясну і паглядзеў на зямлю з вышыні свайго доўгага жыцця. А мудры Зубр, гаспадар Белавежскай пушчы, заўсёды побач і ніколі не пакіне яго, бо іх мужчынскае сяброўства праверана мноствам слаўных гадоў.
     
     Гэтая казка на рускай мове
17.08.11
Каталог TUT.BY Rambler's Top100