Паравозiк для лесу (чытае аўтар) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Паравозiк для лесу (чытае аўтар)
Паравозiк для лесу (чытае аўтар)
     
     
     НА ЎЗЛЕССІ
     Вось ты выйшаў з лесу і стаіш на ўзлессі. А там, за лесам, раскінулася шырокае поле. Яшчэ далей – вёска. У ёй жывуць дарослыя і дзеці. Вядома ж, улетку ўсе дзеці любяць хадзіць у лес па ягады і грыбы ці проста так, на шпацыр. Бо гэта так цікава!
     А калі ты, мой маленькі дружа, жывеш у вялікім горадзе, не засмучайся! Тата з мамай абавязкова пазнаёмяць цябе з лясным хараством. Ты палюбіш наш цудоўны лес і яго чароўныя казкі. Толькі беражы яго і захоўвай!
     
На дачы ў пакоі Паўлiка пасяліўся Паравозік. Ён ездзіў па кальцавой чыгунцы менавiта тады, калі для яго загаралася зялёнае святло. Паравозік ведаў усе правілы дарожнага руху. Аднак, неўзабаве яму надакучыла ездзіць увесь час па адным і тым жа коле ў адным і тым жа пакою ў той час, калі за акном такая прыгажосць: шумяць хвоі і елкі, ціўкаюць птушачкі і свеціць сонейка.      Задумаў Паравозік уцячы ў гэты лес, каб пажыць сапраўдным лясным жыццём. Уначы ён не адважыўся збегчы, таму што баяўся цемры. А раніцай, у той час, калі ўсе яшчэ спалі, Паравозік паціху сышоў з рэек, прабраўся да дзвярэй i ўцёк на двор. Там ён пералез праз штыкетнiк і апынуўся ў сапраўдным лесе. Паравозік удыхнуў свежае ранішняе паветра і паглядзеў угару:
     "Вось дык дзіва! – падумаў ён. – Якія высокія дрэвы!" І не разважаючы, стаў караскацца ўгару па ствале карабельнай сасны. Яму зуciм не было страшна. Ён падымаўся ўсё вышэй і вышэй! Аднак, калі паравозік дабраўся да верхавіны сасны і зірнуў уніз, то адразу ж вельмi спалохаўся і ледзь не зваліўся з дрэва! Яго выратаваў тоўсты сук, на які ён змог абаперціся, калі ў яго закруцілася ў галаве.
     На шчасце, тут жа, на суседняй галінцы, выпадкова аказалася Сарока-белабока.
     – Не бойся!– затрашчала яна. – Паціху спускайся ўніз і не думай пра вышыню. Галоўнае – моцна трымацца!
     Паравозік надзьмуўся, падабраў хвост і асцярожна стаў спускацца ўніз. А калі дабраўся да сярэдзіны, то пасмялеў і разагнаўся. Унізе ён здолеў прыцiшыць рух і правільна спыніцца, выпусціўшы для тармажэння свае так званыя "каціныя вушы", быццам сапраўдны хуткасны цягнік.
     Паравозік яшчэ некалькі разоў з'ехаў з сасны і нават пакатаў мышку і вожыка. І толькі тады ўспомніў, што трэба бегчы дахаты, таму што хутка прачнецца Паўлiк. Ён можа ўбачыць, што яго цацкі няма на месцы.
     Усё лета жвавы паравозік раніцай збягаў з хаты ў лес і катаў мурашак, мышэй і вожыкаў. А тыя, вядома ж, і не падазравалі, што гэта цацачны паравоз. Для лесу і яго жыхароў ён быў самым сапраўдным хуткасным цягніком, такім патрэбным і зручным сродкам перамяшчэння, пра які можна толькі марыць! Лясныя жыхары так прывыклi да Паравозіка, што ўжо не маглі абыходзіцца без яго.
     Урэшце, Паўлiк даведаўся, што паравозiк збягае з хаты, і дазволіў яму застацца ў лесе. Самому хлопчыку той быў ужо не вельмі патрэбны. Паўлiк падрос і яго больш за ўсё пачалі цікавіць камп’ютэр і пазнавальныя кнігі.
     
     Гэтая казка на рускай мове
12.08.11
Каталог TUT.BY Rambler's Top100