Бяссоннiца (чытае аўтар) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Бяссоннiца (чытае аўтар)
Бяссоннiца (чытае аўтар)
     
Паўночы стары Мядзведзь варочаўся на сваім ложку. То ўляжацца на правы бок, то на левы, але ўсё дарма – не спіцца яму, і ўсё тут! Бяссоннiца ды і толькі!      Надакучыла гэта Мядзведзю. Вылез ён з бярлогi, агледзеўся – ніводнай душы навокал, прыслухаўся – цішыня ў лесе. Крыўдна стала касалапаму, што ўсе спяць, а да яго сон не ідзе! Як загыркае ён ад злосці:
     – Ы-Р-Р-Р!
     Пачуў яго крык Салавей, схамянуўся, вырашыў, што прачынацца пара. Пырхнуў на суседняе дрэва, потым узляцеў на яго верхавіну і пяшчотна заспяваў сваю ранішнюю песеньку.
     Дрэвы, кусты, кветкі салодка пацягнуліся ў сне:
     – Ох! Як добра! – быццам калыханку пачулі.
     Птушачкі ў гняздзечках заварушыліся, лепш укрыўшы сваіх спячых малянят. У дуплах вавёрачкі, у норках зайчыкі і ліскі павялі са сну вушкамі. Але ніхто з іх не прачнуўся. Наадварот, пад добрую і ласкавую песеньку Салавейкі ім усім пачалі сніцца вельмі прыемныя салодкія сны.
     Толькі Сава і Фiлiн сядзелі на дрэве і не спалі. Яны наогул не прывыклі спаць па начах. Песня Салаўя здалася ім сапраўдным цудам. Чароўныя гукі разляталіся па лесе, адбiваліся ад дрэў, ад зямлі і разам са звонкім рэхам ляцелі ў неба.
     Месяц, пачуўшы незвычайна прыгожы голас Салаўя, захацеў убачыць самога спевака і накіраваў на лес сваё яркае святло. Толькі тады Салавей паглядзеў на Месяц і зразумеў, што гэта не Сонца, а таму да світання яшчэ далёка.
     – Што ж гэта я! – спалохана падумаў ён. – Разбуджу ўсіх!
     І ўраз у лесе зноў запанавала цішыня. А Мядзведзь, закалыханы песенькай Салаўя, ізноў палез спаць у сваю бярлогу.
     Назаўтра раніцай мамы: птушачкі, вавёрачкі, зайчыкі і ліскі не пазналі сваіх дзяцей.
     Яны ўсе падраслі!
     Нездарма кажуць – дзеці растуць у сне. А пад такую цудоўную калыханку яны падраслі яшчэ больш!
     І не толькі маленькія дзеці – усё ў лесе змянілася! Дрэвы, кусты, трава сталі пышней і зеляней, паспелі ягады суніц і чарніц, распусціліся самыя прыгожыя і яркія кветкі.
     Цяжка было паверыць, што віной усяго таго, што адбылося ў тую незвычайную ноч у лесе, аказалася ўсяго толькі бяссоннiца старога Мядзведзя.
     
      Гэтая казка на рускай мове
03.07.11
Каталог TUT.BY Rambler's Top100