«Ку-ка-рэ-ку!» - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
«Ку-ка-рэ-ку!»
«Ку-ка-рэ-ку!»
На канцы вёскі ў адной бабулі жыў малады Пеўнік. Ён быў вельмі прыгожы: даўганогі, з чырвоным грабеньчыкам і бародкай, шыкоўным рознакаляровым хвастом. Пеўнік хадзіў з ганарліва паднятай галавой і паглядаў на ўсё з пагардай. Аднак, нягледзячы на свой непрыступны выгляд, ён быў вельмі самотны. У яго не было блізкіх сяброў, ды і родных братоў у Пеўніка таксама не было.      Жыў ён у адным куратніку з курамі, якія слухаліся і паважалi яго. Але часам Пеўнік сумаваў. Пагаварыць на роўных яму не было з кім, бо куры – жанчыны, а ён – мужчына. Дзе ж знайсці сапраўдных сяброў, Пеўнік не ведаў.
     Аднойчы выйшаў ён са свайго двара на дарогу. Ідзе і глядзіць, раптам сустрэне каго-небудзь. Але нікога нідзе няма.
     Убачыла яго Сонейка і запыталася:
     – Прывітанне, Пеўнік! Каго ты шукаеш?
     – Добры дзень, любае Сонейка! – адказаў той. – Я вельмі хачу знайсці сяброў. Вось толькі не ведаю дзе?
     Тады Сонейка і кажа яму:
     – Не турбуйся, Пеўнік! Я дапамагу табе. Устань раніцай перад маім узыходам. І як толькі я ледзь-ледзь выйду з-за гарызонту, скажы чарадзейнае слова "Ку-ка-рэ-ку". Вось тады ты і знойдзеш сяброў.
     Абрадаваўся Пеўнік, падзякаваў Сонейку за добрую параду і пайшоў назад у свой двор. Назаўтра ён прачнуўся яшчэ на досвiтку, узляцеў на плот, каб усё лепш бачыць, і пачаў чакаць узыходу Сонейка. А калі яно краёчкам праменьчыка дакранулася да гарызонту, Пеўнік як закрычыць ва ўсё сваё пеўневае горла:
     – Ку-ка-рэ-ку! – ды так гучна, што нават куры спалохаліся.
     І тут жа на гэта чарадзейнае слова з усіх бакоў сталі адгукацца вясковыя Пеўні:
     – Ку-ка-рэ-ку! Ку-ка-рэ-ку! – паўтаралі яны.
     – Ах, вось яно што! – здагадаўся Пеўнік. – Значыць, я не адзін! У мяне яшчэ ёсць браты, толькі яны жывуць далёка ад мяне.
     Ад радасці ён запляскаў сваімі крыламі і зноў закрычаў:
     – Ку-ка-рэ-ку!
     І зноў тое ж самае пачуў у адказ.
     Так усю раніцу Пеўнік сядзеў і крычаў сваім братам гэта чарадзейнае слова, як бы кажучы:
     – Здарова, старыя! Як пажываеце?
     А яму ў адказ:
     – Так, не дрэнна. А ты як?
     – І я не дрэнна, – адказваў Пеўнік.
     
     З таго часу кожны дзень перад узыходам Сонейка Пеўнік узлятае на плот і крычыць словы прывітання сваім сябрам – Пеўням. А калі ён калі-небудзь і праспіць, то суседскія Пеўні ўраз разбудзяць яго сваімі звонкімі галасамі. Вось так і жыве Пеўнік дружнай сям'ёй са сваімі братамі, вясковымі Пеўнямі.
     
     p.s. Казку чытае Маргарыта Захарыя
     
     
      Гэтая казка на рускай мове
01.06.11
Каталог TUT.BY Rambler's Top100