Вясёлка (чытае аўтар) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вясёлка (чытае аўтар)
Вясёлка (чытае аўтар)
     
     property:youtubeUrl:http://www.youtube.com/v/ojf3ZqU6kO8?version=3
     
Усе мамы і таты любяць сваіх дзяцей. Калі маленькае дзіця хварэе, бацькі вельмі хвалююцца і імкнуцца зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб толькі яно паправiлася хутчэй. Яны купляюць дзіцяці дарагія лекі і смачную ежу, цёпла апранаюць і, вядома ж, забаўляюць: чытаюць цікавыя кніжкі, паказваюць вясёлыя мультыкі і дазваляюць гуляць з самымі любімымі цацкамі. Вядома, калі ў дзіцяці добры настрой, яно лягчэй здаравее.      Аказваецца, што такiм жа чынам птушкі лечаць сваіх маленькіх птушанят.
     У сям'і ластавак захварэў самы маленькі сыночак Чык. Ён яшчэ не ўмеў лётаць, таксама як і яго здаровыя брацiкі і сястрычкі. Але ў той час, як яны раслі дужымі і здаровымі, малыш чамусьці дрэнна еў, быў зусім слабенькім і нават не мог добра памахаць крылцамі.
     А мама з татам так стараліся, так стараліся! Яны ўвесь час насілі сваім малюткам чарвячкоў і жучкоў, паілі вадзіцай. Але самы маленькі іх сынок Чык усё роўна быў невясёлым.
     – Паглядзі, які ён слабенькі, – казала мама-ластаўка тату-ластаўцы. – Нам трэба падбадзёрыць малога. Давай прынясём у гняздо самую прыгожую кветку, якая расце на палянцы ў лесе і пераліваецца ўсімі колерамі Вясёлкі. Ён паглядзіць на яе і павесялее!
     – Так і зробім! – пагадзіўся тата-ластаўка.
     Бацькі паляцелі ў глыб лесу. Неўзабаве птушкі вярнуліся з вялікай яркай кветкай і паклалі яе ў сярэдзіну гнязда. Птушанятам кветачка так спадабалася, што яны ўсе разам заціўкалі ад захаплення. Нават слабенькi малыш Чык павесялеў. Такіх яркіх і вясёлых фарбаў ён яшчэ ніколі не бачыў!
     – Якая цудоўная кветка! – радасна ціўкалі птушаняты.
     – Яна такая прыгожая, таму што ўвабрала ў сябе ўсе колеры Вясёлкі,– растлумачыў тата-ластаўка.
     Пачуўшы гэта, самы маленькі Чык пацікавіўся:
     – Тата! А што такое Вясёлка? Якога яна колеру?
     – Вясёлка гэта… – тата задумаўся. – Як табе растлумачыць! Яна бывае пасля навальніцы. Тады на небе з'яўляецца рознакаляровая вельмі вялікая дуга, якая размалёўвае неба сваімі яркімі фарбамі.
     – А ты пакажаш нам Вясёлку? – ізноў спытаў малыш Чык.
     – Пакажу абавязкова! – паабяцаў тата.
     Пасля гэтай гутаркі прайшло некалькі вельмі доўгіх, як здалося птушанятам, дзён. Малыш Чык павесялеў і прыкметна падужэў. Ён ужо лепш еў і хутчэй махаў сваімі крылцамі. Нарэшце, здалёку прыйшла навальніца. Лес накрыла вельмi цёмная хмара. Вядома, было страшна, таму што грукатаў гром і зіхацела маланка! Затое пасля навальніцы на небе з'явілася цудоўная рознакаляровая дуга.
     Гэта і была тая самая Вясёлка! Яна асвятліла палову неба сваім чароўным святлом. Вось толькі птушаняты яе не бачылі, бо Вясёлка красавалася за лесам, там, дзе канчалася цёмная хмара і пачыналася блакітнае неба. А гняздо птушак было на пачатку лесу. Птушаняткі не змаглі разгледзець Вясёлку з-за вялікіх дрэў. Яны засланілі яе ад ластавак!
     – Дзе ж Вясёлка? – спыталі птушаняткі ў таты.
     – Не ведаю. Зараз я злятаю і пагляджу, дзе яна.
     І тата паляцеў, але неўзабаве ён вярнуўся.
     – Яна там, за лесам, – засмуціўся ён. – Хутка Вясёлка растане ў небе, і вы яе не ўбачыце.
     – Паляцім, прыцягнем яе сюды! – здагадалася мама-ластаўка.
     – Разумніца! – пахваліў маму тата за яе адважную прапанову.
     Бацькi маленькiх птушанят пяляцелi за Вяселкай. А праз некалькі хвілін іх дзеці любаваліся цудоўнымі нябеснымі колерамі: ад цёмна-бэзавага да бледна-блакітнага, ад жоўтага і пяшчотна-ружовага да цёмна-бардовага. Гэта была вельмі прыгожая Вясёлка, якую мама і тата насілу ўтрымлівалі дзюбамі з двух бакоў!
     Праз некаторы час Вясёлка растала ў небе, не пакінуўшы нават следу. Аднак у малянят засталося яркае і незабыўнае ўражанне ад убачанага iмi дзiвоснага цуду – Вясёлкі.
     Неўзабаве птушаняты падужэлі і пачалі лётаць. А калі зноў прайшла навальніца, яны ўжо ўсе разам паляцелі глядзець на Вясёлку, якая быццам чараўніца асвятліла неба сваімі дзіўнымi прыгожымі фарбамі!
     
      Гэтая казка на рускай мове
25.03.11
Каталог TUT.BY Rambler's Top100