Куток, напоўнены каханнем (казка-быль) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Куток, напоўнены каханнем (казка-быль)
Куток, напоўнены каханнем (казка-быль)
     Гэтая казачная гісторыя прысвячаецца абноўленаму ўвосень 2010 года старому парку і Камсамольскаму возеру, створаным перад самай вайной маладымі людзьмі горада Мінска .
     
На цяністым беразе блакітнага возера ўдалечыні ад шумнага горада ў маленькай утульнай хатцы пасяліліся два кахаючых сэрцы – юнака і дзяўчыны. Іх каханне было бязмежным і чыстым, як прамяністая крыніца. Доўгія гады сямейнага жыцця ніколькі не астудзілі сардэчны запал, уменне і жаданне мужа i жонкi падабацца адзін аднаму. Пастарэўшы і страціўшы ранейшую юнацкую прывабнасць, яны ўсё гэтак жа з пяшчотай глядзелі ў вочы адзін аднаму, іх галасы былі ўсхваляваныя і ласкавыя. Толькі адна акалічнасць заўсёды засмучала шлюбную пару. Гэта тое, што не даў ім Бог дзетак. Але было ў іх велізарнае жаданне дарыць цяпло сваёй душы іншым людзям. І таму не змаглі яны пражыць на пустэльным беразе закінутага возера ў адзіноце.      Цудоўны парк з раскошнымі кветнікамі, створаны мужам і жонкай побач з іх хаткай на беразе возера, стаў прыцягваць да сябе гасцей з горада. Моладзь, людзі старэйшага ўзросту з дзецьмі каталіся на лодках па возеры, гулялі па парку, атрымліваючы асалоду ад прыгажосці гэтага чароўнага кутка прыроды. Шмат гадоў парк дастаўляў вялікае задавальненне адпачывальнікам. Пастарэлыя, але яшчэ даволі дужыя гаспадары парку рабілі ўсё дзеля таго, каб госцям, якія прыязджалі да іх, было ўтульна і добра. Муж з жонкай сачылі за парадкам, падкормлівалі ўсе расліны, скошвалі траву, абразалі кусты і дрэвы, высаджвалі новыя цікавыя вiды раслін.
     Прайшло шмат гадоў. Але за ўвесь гэты час ніхто з наведвальнікаў парку ні разу так і не выказаў падзяку гэтым людзям за іх бескарыслівую працу. Можа, адпачывальнікам проста было не цікава ведаць, хто робіць для іх увесь гэты цуд. А мужу з жонкай досыць было таго, што людзі прыязджалі да іх і атрымлівалі задавальненне ад наведвання парку. І толькі гэта рабіла такіх добразычлівых людзей шчаслівымі.
     Аднак, наша жыццё не бязмежнае. Надышоў дзень, калі бераг блакітнага возера пакінулі дзве закаханыя душы, яны паляцелі на нябёсы. Іх хата апусцела. З часам і парк зарос травой. Людзі перасталі прыязджаць сюды на адпачынак. Дарожкі і лаўкі пакрыліся жоўтай лістотай, ліхтары загаслі. У хатцы усё зарасло павуціннем і цвіллю.
     А маленькі Дамавічок, якi пражыў тут шмат гадоў і палюбіў хатку ўсёй душой, не жадаў сыходзіць з яе. Нават бязлюдная, яна захоўвала светлую і вельмі добрую аўру сваіх былых гаспадароў. Шмат разоў Дамавічок спрабаваў пасяліць у хатцы іншых людзей. Але нікога не прыцягвала запушчаная і адсырэлая старая хата.
     Па начах Месяц журботна глядзеў з цёмнага неба на закінутую хатку і парк на беразе блакітнага возера. Ён шкадаваў іх. Аказваецца, добрыя і чулыя сэрцы бываюць не толькі ў людзей. Яны бываюць і ў зорак. Аднойчы Месяцу пашчасціла пазнаёміцца з чароўнай маленькай Зорачкай, якой вельмі хацелася падарыць каму-небудзь часцінку святла сваёй душы. Месяц папрасiў Зорачку вярнуць старой хаце цяпло, а парку святло і прывабнасць. Зорачка спусцілася з нябёсаў і адагрэла хатку, запаліла ўсе ліхтары ў парку, асвятліла бераг возера перламутравым ззяннем.
     Дзякуючы добраму сэрцу маленькай нябеснай Зорачкі страчаны куток дзiўнай прыгажосці і кахання ажыў! Ізноў у ім загучалі галасы людзей. Прыходзячы ў зарослы парк, адпачывальнікі захапляліся прыгажосцю гэтых месцаў. Неўзабаве знайшліся добрыя энергічныя людзі, якія навялі парадак у старой хатцы і парку.
     А маленькі Дамавічок быў бясконца рады таму, што шчаслівае жыццё ў яго хатцы i цудоўным парку працягнулася. Цяпер яму толькі і застаецца, што берагчы і ахоўваць гэта шчасце.
     
      Гэтая казка на рускай мове
     
     p.s. фото Алексея Кудрявцева, Комсомольское озеро, парк.
20.01.11
Каталог TUT.BY Rambler's Top100