Зорка Перамогі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Зорка Перамогі
Зорка Перамогі
     
     Мой родны Мiнск,
     Пад небам жураўлiным
     Жывi, квiтней пад зоркай залатой,
     Ты для мяне на ўсёй зямлi адзiны,
     Цябе люблю я ўсёй душой.
     П. Панченко (песня)
     
У цэнтры горада Мiнска з ранку да самага вечара у небе зіхаціць яскравая Зорка. Але яна зусім не падобная на тыя нябесныя зоркі, што загараюцца ўначы. Гэта – гераічная Зорка, Зорка Перамогі, узнесеная на сорак метраў ад зямлі на гранітны абеліск у гонар перамогі савецкага народа над фашыстамі ў Вялікай Айчыннай вайне.      Ужо шмат гадоў яна красуецца ў цэнтры знакамітай плошчы Перамогі ў сталіцы Беларусі. Неўзабаве пасля канца вайны на гэтым месцы ўзвялі абеліск у памяць аб маладых войнах Савецкай арміі і партызанах, якія не пашкадавалі свайго жыцця дзеля таго, каб людзі маглі спакойна гадаваць дзяцей і радавацца жыццю на незвычайна прыгожай беларускай зямлі.
     Усе пасляваенныя гады гэтая гераічная Зорка дзень і ноч любуецца родным горадам, бо яна знаходзіцца на той самай вышыні, на якую падымаюцца ў неба птушкі. Ёй вельмі добра відаць усё, што адбываецца вакол яе. Кожны дзень побач з абеліскам яна бачыць людзей, якія абыходзяць яго, падыходзяць да вечнага агню і кладуць кветкі. А калі настае свята Перамогі, дзень дзявятага траўня, той самы памятны дзень, у які ў тысяча дзевяцьсот сорак пятым годзе скончылася жудасная кровапралітная вайна, на спатканне да гераічнай Зоркі прыходзіць вельмі многа розных людзей. І гэта не толькі жыхары горада Мінска. Сюды прыязджаюць людзі з розных гарадоў былога Савецкага Саюза. Гэта дзеці, унукі і праўнукі тых, хто вызваляў сваю Радзіму ад фашысцкіх захопнікаў. Яны прыязджаюць сюды, каб ушанаваць памяць родных і блізкіх людзей.
     Вось і сёння, у гадавіну Перамогі, каля абеліска сабралася шмат народу. Людзі глядзяць знізу ўверх на бліскучую Зорку і шчасліва ўсміхаюцца. Зірнуўшы ўніз, Зорка ўбачыла маленькіх дзяўчынку і хлопчыка, якіх трымаў за рукі стары чалавек. На яго грудзях блішчалі ордэны і медалі. Зорка адразу зразумела, што гэты стары – ветэран Вялікай Айчыннай вайны, а дзеці – яго праўнукі.
     Сярод усіх ордэнаў і медаляў на грудзях у ветэрана вызначалася і ярка свяціла самая галоўная яго Зорка, вельмі падобная на тую, што зіхацела на абеліску. Гэта быў сапраўдны баявы Ордэн Перамогі! Вельмі даўно, у той час, калі стары быў яшчэ зусім маладым юнаком, ён атрымаў баявы Ордэн ва ўзнагароду за подзвіг, здейснены ім разам з іншымі маладымі хлопцамі ў час вызвалення свайго роднага горада ад нямецкіх захопнікаў.
     Стары глядзеў на вечны агонь, на абеліск і Зорку Перамогі, але перад вачамі ў яго стаяла ўсё тое, пра што ён ніколі не зможа забыцца: страшная кровапралітная вайна, загінуўшыя сябры і родныя, цяжкі пасляваенны час. Ветэран успамінаў разбураны дашчэнту горад Мінск, галодных, дрэнна апранутых схуднелых і змучаных вайной жыхароў горада, і на яго вачах з'явіліся слёзы. Але, калі ён ізноў падняў свой твар угару і паглядзеў на Зорку Перамогі, то яму здалося, што ён пачуў яе голас.
     Зорка нібы казала яму:
     – Не плач, франтавік! Ты выканаў свой абавязак і пражыў жыццё нездарма. Ты не пашкадаваў сіл для вызвалення сваёй Радзімы.Паглядзі, як людзі адбудавалі твой любы горад! Паглядзі, якім ён стаў прыгожым! Ты стараўся нездарма! Твае маленькія праўнукі жывуць і будуць жыць у ім у радасці! А я стану зіхацець на сонцы і заўсёды напамінаць усім людзям, тым, хто будзе нараджацца, гадавацца і жыць у гэтым славутым вялікім горадзе, пра тое, што іх шчасце і воля заваяваны такімі сапраўднымі Героямі, як ты!
     
      Гэтая казка на рускай мове
4.12.10
Каталог TUT.BY Rambler's Top100