Папараць-кветка (казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Папараць-кветка (казка)
Папараць-кветка (казка)
     
     У памяць пра маіх бацькоў
     
У краі зялёных дубраў і шырокіх палёў па старажытнай зямлі славян – рускіх, беларусаў, украінцаў – шмат стагоддзяў запар павольна і велічна цячэ паўнаводны Днепр.      Той, хто хоць раз у жыцці змог пабываць на яго беразе, ужо ніколі не забудзе гэтую казачную прыгажосць. Высокія берагі ракі скрозь пакрыты зараснікамі дрэў і хмызняку. Разгалістыя вербы і таполі ля самай вады – аблюбаванае месца для шпацыраў у закаханых. Маладыя прыходзяць да ракі і падоўгу сядзяць у цяні дрэў, саграваючыся ад абдымак і пацалункаў, дорачы рацэ ўсмешкі і гарачае святло сваіх вачэй.
     Кожны год у дні летняга сонцастаяння перад святам Івана Купалы Днепр імкнецца мацней насычыцца крышталёва чыстай ключавой вадой са сваіх падземных крыніц. Людзі ведаюць, што ў самыя доўгія дні году вада, агонь і зямля валодаюць велізарнай сілай. У гэты час Сонца аддае Зямлі вельмі многа свайго цяпла і святла, а матухна Зямля, увабраўшы ў сябе гэтую цудатворную сілу, дорыць яе раслінам. У дзень на Івана Купалу ўсе лугавыя і лясныя травы становяцца гаючымі. На досвітку дзяўчыны ідуць у лясы і на лугі, каб сабраць іх і ўмыцца чыстай ранішняй расой.
     Калісьці тут, на высокім маляўнічым беразе Дняпра ў маленькай хатцы жыла-пажывала слаўная і вельмі прыгожая дзяўчына Вальгута. У тую знамянальную раніцу на Івана Купалу як толькі першыя прамяні гарачага ліпеньскага Сонца дакрануліся да верхавін прыбярэжных вербаў і таполяў, яна пайшла ў лес за гаючымі травамі. Дабраўшыся да першай палянкі, Вальгута сабрала ў далонькі маленькія бліскучыя расінкі і паднесла да твару, адчуўшы халаднаваты подых зямлі. Дзяўчына ведала, што па народным павер'і ранішняя купальская раса робіць твар свяжэйшым і прыгажэйшым.
     Як жа добра гэтым ранкам было ў лесе! Вальгута даволі часта прыходзіла сюды і паступова дазналася пра ўсе лясныя расліны. У лесе было шмат розных кветак і раслін, але самай любімай кветкай для дзяўчыны заўсёды заставалася толькі адна з іх – далікатная і пахкая начная фіялка.
     Неўзабаве кошык дзяўчыны напоўніўся гаючымі травамі і ляснымі кветкамі, і Вальгута пайшла дадому. Да яе радасці, ля ганка яна ўбачыла свайго мілага сябра Iваньку! Гэты малады чалавек даўно заляцаўся да дзяўчыны, ён кахаў яе горача і пяшчотна, але ніяк не мог прызнацца у гэтым. Як прыемна яму было глядзець на сваю прыгажуню з поўным кошыкам пахкай лясной травы і кветак!
     Увечары маладыя пайшлі да Дняпра. На беразе ракі пазбіралася шмат дзяўчын і хлопцаў. Хтосьці купаўся, хтосьці пускаў на ваду вянкі, хтосьці спяваў песні або смяяўся, скачучы праз запаленыя на беразе вогнішчы. Столькі шуму, весялосці і радасці падарыла усім гэтае свята!
     Існуе павер'е, што вада і агонь у Купальскую ноч здымаюць з людзей усю нечысць, усе хваробы, дадаюць сілы. Вось і Вальгута з Iванькам пасля купання ў Дняпроўскай вадзе адчулі прыліў бадзёрасці.
     – Вальгута! Давай сходзім у лес. Можа нам пашанцуе, і мы знойдзем Папараць-кветку! – перад самай поўначчу прапанаваў Іванька.
     – А што, можа і знойдзем! – пагадзілася дзяўчына.
     Узяўшыся за рукі, маладыя пайшлі па сцежцы да лесу. Вядома, страшнавата было ісці ў цемру за паўгадзіны да поўначы. Але ў іх руках быў запалены факел, а з ім няма чаго баяцца. Калі што, агонь абароніць ад злых сіл, ад усялякіх ведзьмаў і лесуноў.
     У лесе Iванька хутка знайшоў кусты папараці. Роўна апоўначы неба азарылася ўсплёскамі агню, і раптам з сярэдзіны кустоў папараці паказаўся пунсовы агонь, падобны на кветку! Чароўная кветка хутка расла і падымалася ў неба. Але праз імгненне агонь растаў у ночы, быццам ніколі і не быў там.
     – Які цуд! – здзівіліся маладыя.
     Яны пашкадавалі, што агністая кветка так хутка знікла, але разумелі, што гэта справа не абышлася без злых сіл. Чароўная кветка валодала магічнай сілай, і д'ябал не захацеў аддаваць яе ў рукі чалавеку. Аднак цяпер маладыя ведалі, якая яна, гэтая чароўная Папараць-кветка.
     Юнак і дзяўчына вырашылі нікому не распавядаць пра ўбачаны імі цуд, бо ўсё роўна ніхто не паверыць. А ў саміх яшчэ доўга перад вачамі стаяў вобраз чароўнай агністай Кветкі, якая роўна апоўначы вырасла з сярэдзіны кустоў папараці. Усё гэта было такім незвычайным і загадкавым!
     Па дарозе дадому Вальгута сказала:
     – Ведаеш, Iванька, не шкадуй, што мы не сарвалі Папараць-кветку. Падумай! Навошта нам патрэбна гэтая падманлівая кветка? Для мяне няма нічога лепш за белай начной фіялкі. Яна такая пахкая і прыгожая, таму што жывая. А гэтая агністая кветка не пахне. І нам не патрэбна яе чароўная сіла. Мы самі моцныя і зможам дасягнуць усяго, чаго толькі захочам.
     Калі ранкам маладыя вярнуліся дахаты, у руках дзяўчыны красаваўся букецік з кветак яе любімай фіялкі, якую ў тую ноч адшукаў для яе каханы.
     З таго часу Іванька і Вальгута ўжо ніколі не раставаліся. Яны пражылі доўгае і шчаслівае жыццё. І цяпер, калі хто-небудзь пытае ў іх, у чым прычына іх шчаслівага сямейнага жыцця, яны ўсё яшчэ сціпла адмоўчваюцца і ніколі не распавядаюць пра сваю дзіўную сустрэчу з чароўнай Папараць-кветкай.
     – Сакрэт нашага шчасця, – кажа Іван, – у маленькай белай начной фіялцы. Мая жонка вельмі любіць яе водар, ды і сама яна для мяне як самая выдатная кветка!
     Вось так у каханні і згодзе жывуць гэтыя добрыя людзі. І хто ведае, можа такое моцнае каханне і адданасць ім падарыла калісьці тая чароўная Папараць-кветка, што расцвіла толькі на адно імгненне ў кароткую купальскую ноч.
     Летняя ночка купальная
     Яснай растаяла знічкаю.
     Падаюць зоры світальныя
     Ў чыстыя воды крынічныя.
     
     Ой ты, дзяўчыначка мілая,
     Як жа ты свет упрыгожыла!
     Ластаўка ты легкакрылая, -
     Светлы мой сон растрывожыла.
     
     Ты мне вясною прыснілася
     Неразгаданымі чарамі,
     Сэрца парыўна забілася
     Лёгкімі крыламі-марамі.
     
     Пэўна цябе, ненаглядная,
     Стрэў я часінай удалаю.
     Ты ж мая доля спагадная,
     І не шкадую ня мала я.
     
     Песня. (муз. Ю. Семеняко, сл. Шушкевіча М. выконваюць Песняры)
     https://www.youtube.com/watch?v=gwM9xYYzG5k
     
     
     
      Гэтая казка на рускай мове
25.11.10
Каталог TUT.BY Rambler's Top100