Беларусачка (чытае аўтар) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Беларусачка  (чытае аўтар)
Беларусачка (чытае аўтар)
     Там за світанкамі, за туманамі ў цішыні лясоў і палёў
     Патаемнае невымоўнае б'ецца сэрца зямлі маёй. Песня. (исп. И.Дорофеева и Алехно)
     
Было гэта вельмі даўно. У тыя часы, калі на пухнатых аблоках спалі белыя лебедзі. Так, так! Выдатныя, нібы Анёлы, белыя лебедзі лёталі па небе і ніколі не садзіліся на зямлю. Яны жылі толькі нябесным жыццём і разумелі мову Сонца, іх не вабіла да сябе ў той час шэранькая нежывая Зямля.      А Сонца думала інакш. Яно любіла нашу планету і хацела бачыць яе прыгожай, напоўненай шчаслівым жыццём. Вось тады і абрала нябеснае свяціла сярод усіх птушак самых разумных добрых лебедзяў і паслала іх на Зямлю.
     − Я жадаю, − сказала Сонца, − каб Зямля стала квітнеючай планетай, каб увесь Сусвет любаваўся і захапляўся яе прыгажосцю. Веру, што вы, мае дарагія, зможаце стварыць на ёй такі цуд.
     З гэтымі словамі Сонца азарыла душы лебедзяў залатымі прамянямі Чароўнай сілы, сілы Кахання. І яны паляцелі на Зямлю, каб зрабіць яе цудоўнай жывой планетай.
     Шмат гадоў працавалі белыя птушкі, удыхаючы ў кожны кавалачак зямлі Каханне і прыгажосць. І мёртвая планета ажыла! На ёй з'явіліся сінія моры і акіяны, высокія горы з беласнежнымі вяршынямі, зялёныя пушчы і шырокія рэкі, а ўсе палянкі і лугі ў лясах, ля крыніц у пустынях і ў падножжаў гор пакрыліся мільёнамі дзіўных кветак.
     Убачыла Сонца, якой прыгожай стала Зямля, і радасна ўсміхнулася. А ўсе зоркі ў небе паслалі пяшчотнаму зялёна-блакітнаму шарыку мільярды захопленых пацалункаў!
     З тых часоў наша планета цешыць свет сваёй казачнай прыгажосцю, яна стала сапраўдным скарбам для ўсіх. А што ж адбылося з тымі лебедзямі, з дапамогай якіх Зямля ператварылася ў такі цуд Сусвету? Дзе пасяліліся гэтыя слаўныя белакрылыя птушкі, якія прынеслі на нашу планету Чароўны дарунак Жыцця? Яны аблюбавалі для сябе выдатныя "краёчкі", якія сталі для іх самымі дарагімі і роднымі...
     Малодшая з лебедзяў, велічная і спакойная прыгажуня, пасялілася ў краі блакітных азёраў і звілістых рэк, белых бяроз і чырвоных рабін, высокіх таполяў і ніцых верб, пухнатых вечназялёных елак і хвой. Тут растуць вельмі прыгожыя лясы, а на лугах цвітуць цудоўныя палявыя кветкі. Рэкі і азёры − чыстыя і халаднаватыя. З раніцы да вечара ўсе сады, паркі і лясы напаўняюцца звонкімі птушынымі галасамі, а ўначы яркія зоркі красуюцца ў люстэрках незлічоных азёр.
     Вось так і жыве гордая і сціплая белая лебедзь у сваёй роднай краіне. Жыве і будзе вечна жыць тут, захоўваючы і засцерагаючы яе. А Сонца кожны дзень з любоўю і радасцю глядзіць на белакрылую птушачку і заве яе вельмі ласкава і трапятліва − мая дарагая Беларусачка.
     
      Гэтая казка на рускай мове
20.11.10
Каталог TUT.BY Rambler's Top100